Для Расеі “будзе выгадна, калі ў Саюзнай дзяржаве з’явіцца агульная валюта”, заявіў міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў. Чыноўнік падкрэсліў, што “ў дамове 1999 года такая опцыя ёсць”. Разам з тым, паводле яго, да гэтага рашэння “трэба яшчэ дайсці з пункту гледжання інтэграцыі эканомік Расеі і Беларусі. “Як мэта яна абазначана, але гэта вышэйшая ступень інтэграцыі”, — падкрэсліў ён.

Як прыгадвае “Позірк”, летась у чэрвені пасол Беларусі ў РФ Дзмітрый Крутой ў інтэрв’ю расейскаму агенцтву “РИА Новости” заявіў, што ў парадку дня беларуска-расейскіх стасункаў тэмы агульнай валюты няма, і нібыта “два прэзідэнты адмовіліся ад яе абмеркавання”. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Цэнтральнага банка РФ Эльвірай Набіулінай летась у траўні заявіў, што стварэнне агульнай валюты Саюзнай дзяржавы — “працэс няпросты і, напэўна, не сённяшняга дня”.
Кітайскія брэнды захопліваюць беларускі аўтарынак
У мінулым годзе аб’ём продажаў аўтамабіляў дылерамі Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі вырас на 47% і дасягнуў 25,4 тысяч адзінак. Пры гэтым, калі ў 2022 годзе на рынку прысутнічалі толькі чатыры кітайскія маркі, або 14% ад агульнай колькасці, то ў 2023 годзе іх доля вырасла да 55% – на рынку прысутнічалі 11 брэндаў, паведамляе БелТА.
Таксама вырасла і доля кітайскіх машын у структуры продажаў. У 2022 годзе на долю кітайскіх марак прыпала 31,7% продажаў аўтамабіляў, а ў 2023 годзе яна склала ўжо 82,6%. Лідарам беларускага рынку ў мінулым годзе стала Geely, чые продажы выраслі на 260% да 15,7 тысяч машын. На другім месцы расейская “Лада” з 2684 аўтамабілямі. Продажы гэтай маркі знізіліся на 29%. Трэцяя пазіцыя ў кітайскай Haval (230%) – 756 аўтамабіляў. З некітайскіх брэндаў у першай дзясятцы засталіся толькі Audi і Volkswagen.
Білеты ад 39 еўра – “Белавія аб’явіла перыяд скідак
Нацыянальны авіяперавозчык паведаміў, што да канца бягучага тыдня білеты на шэраг прамых і транзітных рэйсаў можна купіць па акцыйнай цане з дысконтам. Прапанова распаўсюджваецца на наступныя прамыя рэйсы:
Менск – Санкт-Пецярбург – ад 39 еўра;
Менск – Кутаісі – ад 89 еўра;
Менск – Екацярынбург – ад 79 еўра.
Акрамя таго, акцыйныя цэны дзейнічаюць для шэрагу транзітных маршрутаў.
Для таго, каб скарыстацца прапановай, перыяд падарожжа павінен прыпадаць на дыяпазон з 29 студзеня па 25 красавіка для прамых рэйсаў і з 29 студзеня па 31 сакавіка для транзітных рэйсаў. У “Белавія” папярэдзілі, што колькасць месцаў, якія прапануюцца ў рамках акцыі, абмежавана.
Рэкордныя прыбыткі ад продажу зброі ЗША
238 мільярдаў даляраў — зброю такой вартасці ў 2023 годзе ЗША прадалі за мяжу, паведамляе ВВС. Пры гэтым адны з найбуйнейшых пакупак зрабіла Польшча.
“Польшча набыла верталёты Apache на 12 мільярдаў даляраў, а таксама заплаціла 10 мільярдаў даляраў за высокамабільныя ракетныя сістэмы (Himars) і 3,75 мільярда даляраў за танкі M1A1 Abrams”, — паведамляе BBC са спасылкай на падатковую справаздачу ўраду ЗША. На сайце адзначаецца, што Польшча таксама выдаткавала 4 мільярды даляраў на комплексныя сістэмы кіравання супрацьпаветранай і супрацьракетнай абаронай. (businessinsider)
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: shutterstock.com