Па выніках другога квартала Расея нечакана апярэдзіла ЗША па аб’ёмах паставак газу ў Еўропу. Такім чынам, яна вярнула сабе другое месца сярод пастаўшчыкоў Еўразвязу, якое апошні раз займала ў трэцім квартале 2022 года. Пра гэта піша выданне Die Welt.
Адзначаецца, што сёлета ў красавіку-чэрвені на расейскі газ у Еўрапейскім Звязе прыйшлося 17 працэнтаў імпарту. Цяпер Расея саступае па аб“емах паставак толькі Нарвегіі. Самае цікавае, піша Office Life, што рост долі рынку ў Еўразвязе расейскімі пастаўшчыкамі адбыўся без удзелу ўзарванай галіны «Паўночны паток». Нібыта прыкладна трэцяя частка расейскіх паставак стала вынікам транзіту праз Украіну.
Буйны эканамічны форум працуе ў польскім Карпачы
3-5 верасня ў Карпачы праходзіць адно з найважнейшых мерапрыемстваў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы – XXXIII Эканамічны форум. Гэта ўнікальная пляцоўка для дыялогу палітыкаў і навукоўцаў. Прадпрымальнікі і лідары з усяго свету сустракаюцца, каб абмеркаваць найбольш важныя выклікі сучаснасці. Тэма форуму ў гэтым годзе — «Час новых лідараў: будуем будучыню разам».
Адной з ключавых частак сёлетняй сустрэчы з’яўляецца AI Forum, які стане адным з найбуйнейшых мерапрыемстваў, звязаных са штучным інтэлектам у Польшчы. Удзельнікі атрымаюць магчымасць даведацца, як развіццё штучнага інтэлекту спрыяе тэхналагічнай рэвалюцыі і якія звязаныя з гэтым праблемы чакаюць рынкі па ўсім свеце.
У Віцебскай вобласці пачалі вырошчваць беларускі тытунь
Пад Віцебскам збіраюць ураджай першага беларускага тытуню, піша “Сельская газета”. Тытунь вырасцілі на доследных дзялянках, якія размешчаны каля аграгарадка Тулава.
Гэта быў эксперымент. У прамысловых маштабах у Беларусі тытунь пакуль не вырошчваюць. Эксперыментавалі з двума гатункамі: “беларускі цыгарэтны” і “беларускі цыгарны”. Іх аўтар — намеснік дырэктара Віцебскага занальнага інстытута па навуковай рабоце Віктар Сатышур. Займацца вырошчваннем тытуню ён пачаў яшчэ на Палессі. У Віцебску працягнуў гэтую працу.
Уборку беларускага тытуню плануюць завяршыць да сярэдзіны верасня. На думку Сатышура. Ён мяркуе, што беларускім тытунём “рэальна закрыць як мінімум палову патрэб тытунёвай галіны краіны”.
Беларускае Радыё Рацыя