BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Расея вярнула ў Беларусь тысячы адзінак дэфіцытных яек

У Бранскай вобласці Расеі мытнікі і інспектары Рассельгаснагляду спынілі фургон, у якім з Беларусі везлі безалкагольныя напоі, аўсяныя шматкі і каля 5400 харчовых курыных яек. Выявілася, што на груз не было неабходных ветэрынарных суправаджальных дакументаў, якія пацвярджаюць яго паходжанне, якасць і бяспеку. Пры гэтым сам фургон быў у антысанітарным стане. Прадукцыю вярнулі на тэрыторыю Беларусі, а ўладальніка грузу прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Праблемы з курынымі яйкамі пачаліся ў Расеі ў канцы 2023-га: за два месяцы яны падаражэлі на 30%. Пасля гэтага істотна павялічыліся пастаўкі яек з Беларусі. Наша краіна стала асноўным пастаўшчыком гэтага прадукту ў Расею. У параўнанні з 2023 годам аб’ёмы паставак сёлета выраслі ў 2,5 разу.

Нацбанк працягне цяперашнюю курсавую палітыку

Нацыянальны банк мае намер працягваць рэалізацыю грашова-крэдытнай палітыкі ў ранейшым рэжыме, вынікае з заявы старшыні праўлення рэгулятара Паўла Калаура. “З мэтай забеспячэння ў 2023 годзе ўстойлівага функцыянавання валютнага і дэпазітнага рынкаў Нацбанк працягнуў правядзенне курсавой палітыкі ў рэжыме плаваючага курсу”, — цытуе яго прэс-служба Нацбанка.

Да 2015 года рэгулятар арыентаваўся на рэжым фіксаванага курсу, нагадаў Калаур: “Гэта патрабавала пастаяннага расходу міжнародных рэзерваў і адпаведна нарошчвання дзяржаўнага знешняга доўгу. Таму была прынятая пастанова аб пераходзе на рэжым плаваючага абменнага курсу”. “Абраны рэжым курсавой палітыкі дазваляе праз курсавы канал аператыўна рэагаваць на кан’юнктурныя змены і не дапускаць назапашвання дысбалансаў у эканоміцы”, — лічыць Калаур.

Польшча ўвяла для іншаземцаў-таксістаў новыя правілы – Uber іх ігнаруе

Польшча ўвяла новыя правілы для кіроўцаў папулярных сэрвісаў таксі, якія працуюць праз спецыяльныя мабільныя прыкладанні. Цяпер яны ў абавязковым парадку павінны мець польскія правы кіроўцы. Гэта тычыцца і іншаземцаў, у тым ліку беларусаў, якія нярэдка падзарабляюць, выкарыстоўваючы такія прыкладанні як Uber або Bolt.

Мэтай новаўвядзення стала ў першую чаргу, павышэнне бяспекі пасажыраў, паведамілі польскія ўлады. Яно адбылося на фоне хвалі злачынстваў – нападаў і згвалтаванняў пасажыраў кіроўцамі папулярных сэрвісаў таксі, якія працуюць на базе мабільных прыкладанняў.

Польскі эканамічны партал Money.pl піша, што кампанія Bolt увяла ў жыццё новыя правілы, а вось Uber – не. У адказе на запыт журналістаў Uber напісаў, што не прымае новых кіроўцаў, у якіх няма польскіх правоў, а вось кіроўцаў, якія ўжо працуюць для кампаніі, праверыць да 17 верасня, піша Беларуская служба Польскага радыё.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: gorod.lv