Індыя адмовілася ад набыцця беларускіх калійных угнаенняў. Яна пачала купляць гэтую прадукцыю ў Расеі. Да гэтых высноў прыйшлі журналісты сайта “Зеркало”, прааналізаваўшы статыстыку Індыі па знешнім гандлі за мінулы год.

Летась Індыя імпартавала 3,287 мільёна тон калійных угнаенняў на агульную суму больш за 1,3 мільярда даляраў. Але беларускую прадукцыю краіна не набывала. Пры гэтым у 2022 годзе Індыя імпартавала з Беларусі 383,6 тысячы тон калійных угнаенняў. Найбольшую колькасць калійных угнаенняў у Індыю летась паставіла Канада — амаль на 479 мільёны даляраў. Другое месца заняла Расея.
Рэжым Лукашэнкі забараняе ўвоз з Літвы піва, віна, воцату, шын
Афіцыйны Менск забараняе ўвоз шэрагу тавараў праз беларуска-літоўскі ўчастак дзяржаўнай мяжы. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.
Забаронена ўвозіць на тэрыторыю Беларусі наступныя тавары: воды, піва, віно, сусла вінаграднае, вермуты, напоі іншыя зброджаныя, спірт этылавы, воцат, шыны і покрыўкі пнеўматычныя гумовыя, былое ва ўжыванні адзенне ды іншыя вырабы, а таксама былыя ва ўжыванні часткі і прылады транспартных сродкаў. Таксама пад санкцыі трапілі малако і вяршкі згушчаныя, садавіна і арэхі, кава, сокі фруктовыя, воды, воцат, калготы, панчохі, гольфы, шкарпэткі ды іншыя панчошна-шкарпэткавыя вырабы, асобныя будаўнічыя вырабы, халадзільнікі і лядоўні.
У МЗС удакладняюць, што забарона не закране тавары, якія ўвозяцца для асабістага карыстання. Гэтая мера называецца адказам на тое, што Літва закрыла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю.
Цэны ў Беларусі ў лютым выраслі
Рэгуляваныя дзяржавай цэны і тарыфы ў лютым выраслі на 8% у параўнанні з годам раней, адзначае Нацыянальны банк у новым аглядзе інфляцыйных працэсаў. Базавая інфляцыя (якая не ўлічвае сезонныя тавары, а таксама тавары і паслугі, якія часта змяняюцца ў цане е або рэгулююцца дзяржавай) склала 4%.
Паводле звестак Белстата, спажывецкія цэны ў лютым выраслі на 0,9%. У гадавым вымярэнні спажывецкія цэны выраслі на 5,6%.
Кампаніі з Падляшша могуць атрымаць грошы на навучанне супрацоўнікаў
Больш за 54 мільёны злотых (або больш за 12,5 мільёна еўра) ад ЕЗ на павышэнне кваліфікацый супрацоўнікаў могуць атрымаць да 2029 года кампаніі з Падляшша. Першы прыём заявак пачаўся 14 сакавіка, паведамілі Ваяводскія службы занятасці ў Беластоку. Заяўкі могуць падаваць прадпрыемствы з сектара малога і сярэдняга бізнесу, але таксама – упершыню – буйныя кампаніі.
У выпадку мікра- і малых прадпрыемстваў падтрымка можа складаць да 50 тысяч злотых, у выпадку сярэдніх кампаній – да 80 тысяч злотых, а для буйнога прадпрыемства – 150 тысяч злотых. (PAP)
Беларускае Радыё Рацыя






