BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Расейцам стала даражэй адзначаць Новы Год у Беларусі

У гэтым годзе Беларусь увайшла ў тройку лідараў сярод самых папулярных напрамкаў для навагодняга адпачынку ў расейцаў. Пры гэтым рост цэн на адпачынак для ўсходніх суседзяў аказаўся самым істотным.

Па інфармацыі выдання “Ведамасці”, самымі запатрабаванымі напрамкамі пры браніраванні тураў на Новы год у Расеі сёлета сталі Турцыя і Тайланд. На трэцім месцы апынулася Беларусь, колькасць браніравання ў якую вырасла ў параўнанні з мінулым годам на 20%. Аднак рост цэн на адпачынак у Беларусі аказаўся самым істотным для расейскіх турыстаў у параўнанні з іншымі краінамі. Ён склаў у сярэднім 22 працэнты. Тады як папулярныя Турцыя і Тайланд выраслі ў кошце на 4 і 7% адпаведна.

Рост цэн у Беларусі на фоне іншых постсавецкіх краін

Беларусь з паказчыкам 4,57% заняла сёмае месца па росце спажывецкіх цэн у студзені-лістападзе на постсавецкай тэрыторыі, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных нацыянальных органаў статыстыкі.

Наперадзе па інфляцыі за 11 месяцаў Украіна (+10,4%), Узбекістан (+8,67%), Расія (+8,09%), Казахстан (+7,6%), Малдова (+5,9%) і Кыргызстан (+5,4%). Дарэчы, Туркменістан шэсць гадоў не публікуе звесткі пра інфляцыю.

На Гарадзеншчыне адмянілі збор на мяжы, але часова

У Гарадзенскай вобласці часова адменяць мясцовы збор за перасячэнне граніцы, пра гэта гаворыцца на сайце Гарадзенскага аблвыканкама. Збор адменяць з 1 студзеня 2025 года, аднак на працягу першага квартала яго зноў вернуць, але калі менавіта – пакуль не паведамляецца.

Цяпер мясцовы збор за перасячэнне мяжы складае 40 рублёў (адна базавая велічыня). Першапачаткова ён уводзіўся як часовая мера для барацьбы з каранавірусам. Але нядаўна абласным радам дэпутатаў заканадаўча дазволілі ўводзіць яго на сталай аснове.

Эколагі заахвочваюць рабіць экалагічныя падарункі

Ці можа падарунак быць экалагічным? Эколагі адзначаюць, што некаторыя падарункі могуць прычыніцца да забруджвання навакольнага асяроддзя. Затое добрым прыкладам падарунка могуць быць квіткі на канцэрты, у кіно ці тэатр, а таксама падарункавыя сертыфікаты ў салоны СПА, на масаж і так далей. Яны не ствараюць адходаў, а абавязкова гарантуюць атрымальніку незабыўныя ўражанні.

Пра экалогію варта падумаць таксама падчас выбару ўпакоўкі каляднага падарунка, каб гэта не была абгортка, шкодная для наваколля. А яшчэ ў якасці падарунка могуць быць старыя рэчы: старыя вінілавыя кружэлкі ці вінтажная вопратка, бо вытворчасць новых рэчаў – гэта таксама цяжар для навакольнага асяроддзя. (паводле Беларускай службы Польскага радыё)

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: anbosta.by (сядзіба Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы).