BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Расейцы “ламануліся” ў Беларусь па машыны

На беларускім аўтамабільным рынку назіраецца ажыўленне. Усё праз павышаны попыт з боку расейцаў, якія намагаюцца паспець набыць аўтамабілі, пакуль не трэба даплачваць розніцу ў мыце.

З 1 красавіка расейцы больш не змогуць, як раней, рэгістраваць у сябе аўтамабілі з Беларусі, размытненыя па льготным тарыфе. Па новых нормах, якія набываюць моц праз месяц, каб паставіць на ўлік у Расеі “льготны” аўтамабіль, трэба будзе даплаціць розніцу ў мыце — лічыце, 50%. Гэтая навіна ажывіла попыт на аўто з Беларусі. Адметна, што купляюць не толькі “свежыя” аўтамабілі ва ўзросце да 5 гадоў, але і больш узроставыя.

Некаторыя прадаўцы, якія разлічваюць на продаж аўто ў Расею, загадзя рыхтуюць неабходны пакет дакументаў, пра што звычайна дадаюць інфармацыю ў аб’яве. (Наша Ніва)

Прапускная здольнасць на беларуска-літоўскай мяжы знізіцца на 40%

Дзяржпагранкамітэт ацаніў зніжэнне прапускной здольнасці беларуска-літоўскай мяжы пасля закрыцця пераходаў Лаварышкес-Катлоўка і Райгардас-Прывалка з 1 сакавіка. Пачынаючы з пятніцы на мяжы з Літвой застанецца толькі два пераходы.

“Прагназуецца памяншэнне штосутачнай колькасці грузавікоў, якія фактычна запускаюцца на літоўскую тэрыторыю сумежным бокам, прыкладна на 40%” – заявілі ў ДПК.

Рашэнне пра закрыццё руху ў пунктах пропуску “Лаварышкес” і “Райгардас” прыняў літоўскі бок. Рашэннем урада гэтай краіны таксама спыняецца рух пешаходаў і веласіпедыстаў у астатніх пунктах пропуску “Мядзінінкай” і “Шальчынінкай”, уводзіцца забарона на высадку і пасадку пасажыраў на пагранічных чыгуначных станцыях, скарачаецца колькасць дазволаў на пасажырскія перавозкі ў зносінах з Беларуссю. (reform.by)

Беларускіх прадаўцоў абавяжуць плаціць падаткі ў Расеі

Беларускіх прадаўцоў, якія праз маркетплэйсы прадаюць свае тавары ў Расеі, абавяжуць плаціць падатак на дадзеную вартасць у гэтай краіне. Папраўкі ў расейскае заканадаўства ўжо падрыхтаваны і ўнесены ў Дзярждуму. Пра гэта паведамляе “Інтэрфакс”.

Змяненне закране прадаўцоў з Еўразійскага эканамічнага саюза. Цяпер падаткаплацельшчыкі з Беларусі, Арменіі, Казахстана і Кыргызстана пры продажы тавараў праз электронныя гандлёвыя пляцоўкі расейскім фізічным асобам не абкладаюцца падаткам на тэрыторыі Расеі. З прыняццем паправак сітуацыя зменіцца.  Калі закон прымуць, то ён уступіць у сілу праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання, але не раней за 1 ліпеня. Асноўная стаўка падатку складзе 20% ад кошту, ільготная — 10%.

Фактычнае беспрацоўе захоўваецца на ўзроўні 3,5%

Па выніках мінулага года ўзровень беспрацоўя, разлічаны ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы, склаў 3,5%, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Беспрацоўнымі з’яўляюцца 4,1% мужчын і 2,7% жанчын працаздольнага ўзросту. Сярэдні ўзрост беспрацоўнага насельніцтва — 38,6 года, сярэдні час пошуку працы — сем месяцаў.

У эканоміцы Беларусі ў студзені было занята больш за 4 мільёны 129 тысяч чалавек, гэта на 11 тысяч чалавек менш, чым было ў снежні.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з адкрытых крыніц