З пачатку года расейскія інвестыцыі ў эканоміку Беларусі выраслі на 20 працэнтаў. Як заявіў міністр эканомікі Беларусі Юры Чабатар падчас Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму, такі эфект даюць рэалізацыя сумесных праграм і скаардынаваная інвестыцыйная палітыка, піша Office Life.
Чабатар нагадаў, што цяпер у стадыі практычнай рэалізацыі знаходзіцца 25 сумесных імпартазамяшчальных праектаў у ключавых галінах эканомікі, яшчэ 10 – у распрацоўцы. Паводле міністра, у мінулым годзе рост расейскіх інвестыцый у беларускую эканоміку склаў 30 працэнтаў, аб“ём інвестыцый ацэньваецца на 5,1 мільярда даляраў. Найбольш сярод краін СНД Расея інвестуе ў Казахстан і Узбекістан, Беларусь – на трэцяй пазіцыі.
Літоўская мытня палегчыла забароны на ўвоз тавараў
На сайце мытнага ведамства Літвы з’явілася ўдакладненне аб прадуктах харчавання, якія ўвозяцца на тэрыторыю краіны.
Раней, 25 красавіка, сейм Літвы прыняў закон, які забараняе ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў з Расеі і Беларусі. Мэтай гэтай меры з’яўляецца абмежаванне магчымасцей Расеі і Беларусі зарабляць на экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў, скарачэнне патэнцыйных даходаў і зніжэнне эканамічных магчымасцей фінансаваць расейскую агрэсію супраць Украіны. Спіс забароненых прадуктаў, зацверджаны ўрадам Літвы, набыў моц 3 чэрвеня. Пасля гэтага на літоўскай мяжы ў беларусаў пачалі забіраць усё: ад ежы ў дарогу да алкаголю з дьюці-фры.
Як сказана ў новым паведамленні, забарона не распаўсюджваецца на тавары, якія перавозяцца транзітам, а таксама на тавары, якія прызначаны толькі для асабістага выкарыстання падчас паездкі.
Польскі банк адмаўляе дыскрымінацыю беларусаў
Банк «Santander», паслугамі якога ў Польшчы карыстаецца багата беларусаў, пракаментаваў «Белсату» паведамленні пра масавае блакаванне анлайн-банкінгу і мабільнай праграмы ў кліентаў – грамадзян Беларусі. Ва ўстанове сцвярджаюць, што проста выконваюць патрабаванні заканадаўства аб супрацьдзеянні адмыванню грошай.
«Santander» – трэці паводле велічыні актываў і колькасці філіяў банк у Польшчы, належыць іспанскай кампаніі «Banco Santander S.A.». Установа стала папулярнай у беларусаў, бо адкрывала рахункі з мінімумам дакументаў: пашпартам з візаю і нумарам PESEL. Надоечы ў эмігранцкіх Telegram-чатах з’явіліся скаргі беларускіх грамадзян, ад якіх банк пачаў патрабаваць від на жыхарства тэрмінам не меншым за 12 месяцаў.
Раней у польскую Камісію фінансавага нагляду звярнуўся Павел Латушка. Ён папрасіў растлумачыць, ці дала ўстанова якія-небудзь указанні банку «Santander» або банк самастойна ўвёў нейкія новыя правілы. Адказу з камісіі пакуль не было.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: РБК.