BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Растуць інвестыцыі ў беларускую эканоміку

У першым квартале замежныя інвестыцыі выраслі на 7,1%, але ўсё яшчэ не дацягваюць да ўзроўню 2022-га года. Гаворка ідзе пра тры мільярды даляраў, укладзеных у рэальны сектар эканомікі. Гэта вынікае з аналізу афіцыйных дадзеных, праведзенага “Позіркам”.

У сваю чаргу Беларусь інвеставала за мяжу 1,3 млрд даляраў. Белстат гэтым разам не назваў канкрэтныя краіны, з якіх і ў якія паступілі інвестыцыі. Статыстычнае ведамства падкрэсліла, што ў прыведзеных дадзеных не ўлічваюцца інвестыцыі ў банкі, нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі, Банк развіцця, бюджэтныя арганізацыі.

Плануюцца змены ў аплаце камунальных паслуг

Урад Беларусі збіраецца ў бліжэйшыя гады працягваць павышаць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі і ўводзіць дыферэнцыраваную плату за іх. Такія планы прапісаны ў апублікаванай праграме дзейнасці Саўміна на 2025-2029 гады. Улады маюць намер заняцца скарачэннем субсідзіравання жыллёва-камунальных паслуг, якое прадугледжвае, што больш нізкія тарыфы для насельніцтва перакрываюцца больш высокімі для арганізацый.

Сярод іншага ў планах – забяспечыць 100-працэнтнае пакрыццё затрат на жыллёва-камунальныя паслугі. Выключэнне – ацяпленне і падагрэў вады, па якіх насельніцтва цяпер менш за ўсё пакрывае затрат. Урад таксама хоча ўвесці штоквартальную індэксацыю тарыфаў на ЖКП – з улікам росту даходаў насельніцтва. То бок, калі людзі стануць багацейшымі, то і камуналка падаражэе. План прадугледжвае і іншыя змены, піша “Люстэрка”.

На Гарадзеншчыне спынілі кантрабанду чырвонай рыбы і крэветак

Больш за 130 “злачынных паставак” чырвонай рыбы і крэветак выявілі супрацоўнікі Гарадзенскай рэгіянальнай мытні, паведамляе прэс-служба ведамства. Арганізатарамі “перамяшчэння прадукцыі на падставе падробленых ветэрынарных сертыфікатаў Каралеўства Даніі” называецца “шэраг беларускіх суб’ектаў гаспадарання”.

У дачыненні да “групы асоб, якая дзейнічала з папярэдняй змовы”, распачатыя крымінальныя справы паводле арт. 228 КК (кантрабанда). Падазраванымі прызналі 12 грамадзян Беларусі і Літвы. Мытнікі “наклалі арышт на выяўленую маёмасць (аўтамабілі і валюту) агульным коштам больш за 800 тысяч рублёў”, піша «Позірк».

Вялікія планы іспанцаў: хочуць злучыць Еўропу з Афрыкай

Іспанія і Марока разглядаюць будаўніцтва падводнага тунэлю, які злучыць два кантыненты. Праект прадугледжвае стварэнне двух чыгуначных ліній, што злучаць поўдзень Іспаніі з поўначчу Марока, з мэтай паглыблення эканамічнай і інфраструктурнай інтэграцыі паміж краінамі, чытаем на партале money.pl.

Агульная даўжыня тунэлю можа скласці 38,5 км, з якіх 27,7 км пройдуць пад водамі Міжземнага мора. У якасці іспанскага ўваходу ў тунэль разглядаюцца два варыянты: порт Алхесірас, які мае стратэгічнае значэнне і развітую чыгуначную інфраструктуру, і ўзбярэжжа Андалусіі каля Тарыфы — самага паўднёвага горада Еўропы.

Хоць канчатковы кошт праекта пакуль не вызначаны, папярэднія ацэнкі вар’іруюцца ад 6 да 15 мільярдаў еўра, заўважае Польскае радыё.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: gov.kz.