BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Рэальнаму сектару можа не хапіць 5 тысяч маладых інжынераў

Аб’ём падрыхтоўкі інжынерных кадраў у Беларусі “пакуль не адпавядае патрэбам эканомікі”, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на нарадзе ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Паводле слоў чыноўніка, “набор на тэхнічныя спецыяльнасці ніжэйшы, чым замова арганізацый на падрыхтоўку такіх кадраў”.

Three Industrial Engineers Talk with Factory Worker while Using Laptop. They Work at the Heavy Industry Manufacturing Facility.

“У 2023 годзе на інжынерныя спецыяльнасці залічана крыху больш за 16 тысяч абітурыентаў, а ў год іх выпуску з ВНУ, гэта значыць у 2027 годзе, замова складае ўжо 21,5 тысячы чалавек, — сказаў ён. — То бок, рэальны сектар можа недаатрымаць каля 5 тысяч маладых інжынераў”.

У асобных тэхнічных ВНУ, сцвярджае Галоўчанка, “значна састарэла” матэрыяльна-тэхнічная база і кадравы склад, “да якога таксама можна ўжыць гэтае вызначэнне”. (“Позірк”)

Fix Price у Беларусі запускае сэрвіс дастаўкі тавараў дадому

Як паведамляе выданне New Retail, ужо цяпер новы сэрвіс вядомы расійскі рэтэйлер Fix Price запускае ў адной краме ў Менску, а ў студзені да паслугі плануецца падключыць яшчэ 13 крам сеткі ў Менску, Гародні і Гомелі.

У кампаніі дапоўнілі, што дастаўка будзе распаўсюджвацца на асноўныя катэгорыі тавараў, якія прадаюць у афлайн-крамах. Пакупнікі змогуць набываць тавары анлайн, афармляць іх самавываз і заказваць дастаўку з дапамогай сэрвісу «Яндэкс Go». Паслуга дастаўкі будзе платная — ад 3 рублёў. На канчатковы кошт паўплывае агульная сума замовы, а таксама адрас кліента і загружанасць сэрвісу. Час дастаўкі — ад 30 хвілін. Максімальная вага — 30 кілаграмаў.

Па стане на 30 лістапада Fix Price у Беларусі налічвае 328 крам. Сетка ахоплівае 100 гарадоў і населеных пунктаў краіны. (“Наша Ніва”)

Цэны на нерухомасць у Польшчы дасягнулі максімуму

Цэны на кватэры дайшлі ўжо да столі і затрымаліся – піша Rzeczpospolita. Газета спасылаецца на даклад партала нерухомасці Otodom Analytics, у якім адзначаецца, што сёлета продажы кватэр маглі знізіцца нават на 15% у параўнанні з мінулым годам. Эксперты кажуць, што падзенне адбылося ў выніку зніжэння крэдытаздольнасці пакупнікоў і адсутнасці дзяржаўных праграм падтрымкі крэдытаў.

У кастрычніку і лістападзе цэны на кватэры ў вялікіх польскіх гарадах засталіся стабільнымі. У Варшаве сярэдні кошт склаў крыху больш за 17 тысяч злотых за адзін квадратны метр. У Кракаве – амаль 16,5 тысячы злотых, у Познані – больш за 13 тысяч злотых за квадратны метр. Эксперты адзначаюць, што ўстойлівасць цэн можа быць часовай і сітуацыя ў 2025 годзе можа прынесці паступовае зніжэнне цэн, у залежнасці ад палітыкі падтрымкі рынку іпатэчных крэдытаў і пакупніцкай здольнасці грамадзян. (Беларуская служба Польскага радыё).

Беларускае Радыё Рацыя