Рэальныя заробкі ў Беларусі павялічыліся. У кастрычніку яны прыбавілі 13% да аналагічнага перыяду летась, адзначылі ў Еўразійскім банку развіцця. Прырост ёсць і ў параўнанні з вераснем, калі рэальныя заробкі беларусаў павялічыліся на 12,5% гадавых.
У банку адзначылі сітуацыю на рынку працы ў Беларусі, калі колькасць вакансій устойліва павялічваецца, а колькасць занятых у эканоміцы скарачаецца. Акурат з гэтым аналітыкі і звязваюць больш актыўны рост рэальных заробкаў у прыватным сектары, чым у бюджэтным.
Праблему дэфіцыту кадраў прызнаюць і ўлады. Аднак на дзяржаўных прадпрыемствах працягваюць звальняць людзей больш, чым браць на працу. Паводле Белстату, за 10 месяцаў гэты дысбаланс склаў амаль 39 тысяч чалавек. (паводле «Белсат»)
Лідскае прадпрыемства паставіць у Аман “малочку” на $10 млн
“Лідскі малочна-кансервавы камбінат” будзе пастаўляць малочную прадукцыю ў Аман. Пра гэта паведамляе Мінсельгасхарч. Лідскае прадпрыемства будзе пастаўляць сухое малако ў Аман і суседнія краіны. На 2025 год запланаваны пастаўкі на арыенціровачную суму $10 млн.
У ведамстве расказалі, што пагадненне было падпісана 2 снежня на Міжнароднай выставе харчовай прамысловасці і сельскай гаспадаркі Oman Agrofood 2024, якая праходзіць у Маскаце.
Як піша Office Life, у кастрычніку на Беларускай універсальнай таварнай біржы зарэгістравалі першыя здзелкі па продажы беларускай малочнай прадукцыі ў Іарданію.
У гміне Міхалова падатак на нерухомасць вяртаецца праз 11 гадоў
Жыхарам гміны Міхалова на Падляшшы давядзецца плаціць падатак на нерухомасць. Пасля 11 гадоў льгот гміна зноў уводзіць гэты збор у наступным годзе.
Калі ў 2014 годзе гміна Міхалова ўвяла поўнае вызваленне жыхароў ад падатку на нерухомасць, мэтай было прыцягнуць новых пасяленцаў у рамках праграмы «Жыві ў Міхалове». Праграма аказалася паспяховай, бо, на думку гміны, за гэты час удалося захаваць станоўчы дэмаграфічны прырост. Але цяпер мясцовыя ўлады вырашылі, што падатак на нерухомасць вернецца, бо гміна рэалізуе праграму будаўніцтва дамоў у арэнду, а таксама патрабуе грошай на некалькі дарагіх інвестыцый: будаўніцтва новага дзіцячага садка і новых ачышчальных збудаванняў. Таксама гміна таксама змагаецца з павелічэннем выдаткаў, выкліканых інфляцыяй, павышэннем заробкаў і цэн на энерганосьбіты. (паводле Радыё Беласток)
Беларускае Радыё Рацыя