За тры месяцы гэтага года падчас рэалізацыі «рэгіянальнай ініцыятывы» ў Міністэрства эканомікі паступіла 40 праектных заявак, з якіх 12 праектаў былі ўзгодненыя і атрымаюць крэдыты па льготнай стаўцы. Пра гэта паведаміў міністр эканомікі Юрый Чабатар, піша Office Life.

Фота ілюстрацыйнае: sdgs.by
У Беларусі з 2022 года рэалізуюць ініцыятыву «Адзін раён – адзін праект». За гэты час сабралі больш за 220 інвестыцыйных праектаў на суму 8,5 мільярдаў рублёў. У планах – стварыць 11 тысяч працоўных месцаў. Па стане на сёння завершаныя 70 праектаў у 56 рэгіёнах, створана тры тысячы працоўных месцаў. Чыноўнік паведаміў, што развіваць кожны рэгіён будуць у адпаведнасці з яго спецыфікай. Так, для Гомельскай і Берасцейскай абласцей – гэта развіццё раёнаў Прыпяцкага Палесся, для сталічнай агламерацыі – Менскі прамысловы пояс.
Беларускія хлебакамбінаты патрабуюць дапамогі дзяржавы
Дзяржава адтэрмінавала выплату па даўгах 15-ці хлебакамбінатаў. Урад рэструктурызуе запазычанасць гэтых прадпрыемстваў, аднак дзеля гэтага часова тыя павінны перадаць свае каштоўныя паперы (акцыі і аблігацыі) «Агенцтву па кіраванні актывамі».
У кожным асобым выпадку аб’ём каштоўных папер будзе вызначацца адпаведна з памерам доўгу перад рэспубліканскім або мясцовым бюджэтам. Акрамя таго, хлебакамбінаты атрымаюць вызначаны тэрмін на тое, каб аднавіць сваю плацежаздольнасць і пагасіць даўгі перад бюджэтам. Пасля гэтага ім вернуць каштоўныя паперы без неабходнасці выплаты працэнтаў і пені. Як піша выданне «Беларусы і рынак», у спіс увайшлі чатыры хлебакамбіната Меншчыны, тры – Берасцейшчыны і па два з іншых абласцей.
Нявызначанасць наконт АЭС у Польшчы
У канцы сакавіка скончыўся тэрмін, на які быў заключаны кантракт па праектаванні атамнай электрастанцыі на поўначы Польшчы – піша Rzeczpospolita. За ўвесь час перамоў паміж кампаніяй Польскія атамныя электрастанцыі і амерыканскім кансорцыумам Westinghouse-Bechtel не было падпісана ніводнага новага кантракту або пераходнага пагаднення.
Праўда, адсутнасць дамовы не азначае, што праца па будаўніцтве АЭС у Польшчы будзе прыпынена. Бакі надалей абмяркоўваюць дэталі, наконт якіх пакуль што няма поўнай згоды. Гэта пытанне адказнасці за праект і спосаб аплаты праведзеных работ. Іншая справа – перамовы з Еўрапейскай камісіяй, каб яна дала згоду на фінансавую падтрымку будаўніцтва АЭС з дзяржаўнага бюджэту Польшчы. Гаворка ідзе пра 60 мільярдаў злотых, піша polskieradio.pl.
Цана на золата б’е ўсе рэкорды
Першы квартал 2025 года стаў рэкордным па росце цаны на золата за апошнія некалькі гадоў. Пры гэтым цэны будуць надалей расці. Толькі за сакавік кошт золата на біржы СОМЕХ у Ню-Ёрку павялічыўся на 10,5 працэнтаў, а за апошнія чатыры з лішнім гады – больш як на 100 працэнтаў.
Кожны год у свеце здабываюць прыкладна 3,5 тысячы тон золата. Пры гэтым неспакойная сітуацыя ў сусветных эканоміцы і палітыкі прымушаюць дзяржавы думаць пра ўласныя запасы золата, таму попыт на каштоўны метал з боку рэзерваў Цэнтральных банкаў усяго свету пастаянна расце. Пры ўмове абмежаванай прапановы, цэны на золата зніжацца дакладна не будуць.
Беларускае Радыё Рацыя






