Пра гэта піша БЕЛТА са спасылкай на прадстаўніка міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Сяргея Лявончыка. «Плануем да канца года ўвесці ўчастак дарогі Р46 ад Лепеля да Полацка. Цяпер там актыўна вядуцца будаўнічыя работы», – расказаў Лявончык. Акрамя таго, паводле яго слоў, вядуцца работы на ўчастку ад Лагойска да Плешчаніц на трасе М3 Менск – Віцебск. Рамантуюць і дарогу Р53 ад Смалявіч да Жодзіна. Гэтыя ўчасткі дарог таксама разлічваюць адрамантаваць да канца года. Прычым дарогі М3 і Р46 плануецца развіваць і ў далейшым.

«Гэта перспектыўны калідор у напрамку Расейскай Федэрацыі, Санкт-Пецярбурга. Урад і Мінтранс Беларусі разглядае развіццё гэтага калідора сёння як прыярытэтнае», – заявіў прадстаўнік беларускага Мінтранса.
Нагадаем, у 2021 годзе ўлады Беларусі засталіся без еўрапейскіх сродкаў на рамонт дарог. Грошы аказаліся недаступныя з-за санкцый. Размова ішла пра паўмільярда даляраў.
«МотаВелаЗавод» парадуе Лукашэнку толькі ў 2029 годзе
Гендырэктар «МотаВелаЗавода» Сяргей Манько збіраецца парадаваць Аляксандра Лукашэнку толькі ў… 2029 годзе. Ён абяцае, што тады ўзровень лакалізацыі вытворчасці складзе не менш за 50 працэнтаў. Пра гэта Манько паведаміў на нарадзе старшыні Савета Рэспублікі і ўпаўнаважанай прадстаўніцы Лукашэнкі ў сталіцы Наталлі Качанавай.
Усё пачалося з візіту на прадпрыемства ў жніўні 2022-га Аляксандра Лукашэнкі. Ён абурыўся, што з беларускага ў матацыкле «Мінск» толькі шыльдачка, усё астатняе – кітайскае. У выніку Качанава праводзіць рэгулярныя нарады, прысвечаныя працы прадпрыемства і яго выхаду на больш «высокі ўзровень лакалізацыі».
Сяргей Манько змяніў на «МотаВелаЗаводзе» Мікалая Ладуцьку ў кастрычніку 2022-га. Дагэтуль праводзіцца рэканструкцыя вытворчых памяшканняў і набываецца новае абсталяванне.
У лютым беларускі аўтарынак вырас на траціну
Гэта вынікае з даных Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі. У мінулым месяцы дылеры прадалі 2699 новых легкавых аўтамабіляў. У параўнанні са студзенем аб’ём продажу вырас на 32%. За год такі рост склаў 138%.
У асацыяцыі мяркуюць, што аўтамабільны рынак Беларусі «паспяхова пераадолеў перыяд спаду і цяпер знаходзіцца на этапе росту». Гэтаму спрыяла з’яўленне ў продажы вялікай колькасці новых кітайскіх марак машын, развіццё беларускай лакальнай вытворчасці і тое, што больш даступнымі зноў сталі аўтакрэдыты.
Лідарам застаецца Geely. У лютым на долю гэтай маркі прыйшлося каля 57% продажу, або 1407 аўтамабіляў.
Беларускае Радыё Рацыя






