Адказнасць за гародніну. Так званы. Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі ўхваліў законапраект аб увядзенні адказнасці за “непастаўку або недапастаўку” плодаагародніннай прадукцыі з стабілізацыйных фондаў “для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб”. Пра гэта паведамляе прэс-служба Савету. Згодна з дакументам, таксама нарыхтоўшчык будзе несці адказнасць за “адсутнасць такой прадукцыі ў рэалізацыі ў гандлёвым аб’екце ў міжсезонны перыяд”.

Права складаць пратаколы прадастаўляецца “ўпаўнаважаным на тое службовым асобам сельскіх, пасялковых, раённых, гарадскіх і абласных выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў у гарадах, органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю, органаў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю”. Разглядаць справы аб такіх правапарушэннях будуць камісіі раённых і гарадскіх выканкамаў, адміністрацый раёнаў у гарадах, а таксама органы КДК і эканамічныя суды абласцей і Менску. Як вядома, раней шырокі грамадскі рэзананс увесну выклікала адсутнасць бульбы ў крамах, а таксама высокія кошты на той караняплод.
Беларускае Радыё Рацыя