BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Рост цэн у Беларусі на фоне іншых постсавецкіх краін

Беларусь з паказчыкам 5,35% заняла трэцяе месца па росце спажывецкіх цэн за першую палову бягучага года на постсавецкай тэрыторыі, сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз звестак нацыянальных органаў статыстыкі.

Наперадзе Казахстан (7%) і Украіна (6,5%). У першай пяцёрцы таксама Малдова (5,13%), якую Беларусь апярэдзіла ў чэрвені, і Эстонія (4,3%).

Рост ВУП Беларусі запаволіўся

Эканаміст аналітычнага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык прэзентаваў аналіз вынікаў чэрвеня і першай паловы 2025 года ў эканоміцы Беларусі.

Паводле эксперта, рост ВУП Беларусі ў другім квартале запаволіўся, а ў такім важным сектары, як апрацоўчая прамысловасць, можа быць нулявым, піша Reform.news. «Паводле Белстата, у студзені–чэрвені беларуская эканоміка вырасла на 2,1% пасля росту на 2,5% у студзені–траўні. Асобна ў чэрвені тэмп прыросту ВУП склаў прыкладна 0,3%. У прынцыпе гэта найніжэйшы гадавы тэмп прыросту ВУП з лютага 2023 года», — адзначыў Анатоль Харытончык.

Слабую дынаміку ў чэрвені прадэманстравалі ўсе асноўныя сектары эканомікі, у першую чаргу сельская гаспадарка і прамысловасць. Сярод асноўных прычын такой сітуацыі адзначаецца, у тым ліку, спад попыту ў Расейскай Федэрацыі.

Цэны на каву надалей шыбуюць

Беларусы актыўна абмяркоўваюць падаражанне кавы — асобныя пакункі могуць каштаваць да 120-150 рублёў. Рост цэн выкліканы сусветным неўраджаем кававага зерня, піша “Наша Ніва”.

Да прыкладу, пачак молатай кавы 500 грамаў у «Е-дастаўцы» каштуе ад 27,79 да 54,08 рубля. Самы дарагі — нямецкі Dallmayr, які можна набыць за 51-54 рублі. Танней атрымліваецца таксама нямецкі Jacobs і італьянскі Merrild — 27-39 рублёў. Але можна спрабаваць шукаць скідкі. Падобная сітуацыя і ў Польшчы. Тая ж кава Jacobs у пачках па 500 грамаў можа каштаваць у асобных крамах і больш за 50 злотых, ёсць варыянты па 34 злотыя, але гэта зноў жа трэба шукаць у пэўных крамах і на скідках. На беластоцкім Кавалерыйскім рынку таксама можна купіць у межах 30 злотых плюс-мінус.

У рэчцы пад Наваградкам ад сцёкаў з фермы здохла рыба

У раку Ятранка трапіў гной з малочна-таварнай фермы «Ярошычы» ў Наваградскім раёне. Пра гэта паведаміла Міністэрства прыроды Беларусі. Мясцовыя жыхары раней неаднаразова скардзіліся на зліў гною ў раку. Відэа з абвінавачаннямі мясцовыя жыхары апублікавалі ў сацсетках.

На мінулым тыдні паведамленне пра мор рыбы прыйшло з Тарасава, што пад Менскам. У тым выпадку прычынай папярэдне назвалі гарачае надвор’е. 15 ліпеня Генеральная пракуратура заявіла, што ў Беларусі зафіксавана больш за 12 тысяч фактаў забруджвання паверхневых водаў, перадае «Позірк». Прычым каля траціны з іх — у басейне Дняпра.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.