BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Рост цэн у Беларусі: рэальны стан

Інфляцыя ў Беларусі. За кастрычнік цэны ў краіне ў сярэднім выраслі на 6,09% у параўнанні са снежнем мінулага года.

Фота ілюстрацыйнае: sud.ua
Фота ілюстрацыйнае: sud.ua

Хутчэй за ўсё растуць цэны на прадукты харчавання і напоі — на 7,72% з пачатку года. Інфляцыя на платныя паслугі склала 7,53%, у многім дзякуючы павелічэнню тарыфаў паслуг ЖКГ. Не харчовыя тавары ў сярэднім дабавілі з мінулага снежня 2,77%. Лідар па росце цэн — Гарадзенская вобласць, дзе толькі прадукты харчавання за год дабавілі 8,4%.

Банкрутуе буйны беларускі грузаперавозчык

Эканамічны суд Менска распачаў працэдуру банкруцтва ў дачыненні да буйной кампаніі-перавозчыка «ААА Салюшэнс», якая не здолела пагасіць даўгі, піша Office Life. Праблемы ў кампаніі пачаліся яшчэ ў 2022 годзе, а ў 2024 годзе «ААА Салюшэнс» ужо значылася сярод даўжнікоў, якія не разлічыліся перад інвестарамі.

Уласнік кампаніі прыняў рашэнне ліквідаваць бізнес. Аднак адзін з крэдытораў падаў заяву аб банкруцтве, бо перавозчык не вярнуў яму больш за 55 тысяч рублёў. Суд прызнаў, што рэальных актываў, каб пагасіць даўгі, у кампаніі няма, і адкрыў справу аб банкруцтве. Канчатковае рашэнне плануюць прыняць 12 лютага наступнага года.

Беларуская чыгунка працягвае шукаць работнікаў

Беларуская чыгунка адчувае істотны недахоп работнікаў. Адкрыта даволі шмат вакансій. Да прыкладу, патрэбныя 315 праваднікоў пасажырскіх вагонаў, якім прапануюць заробак максімальна да 1 тысячы 800 рублёў. Машыністам цеплавоза прапануюць ад 1 315 да 3 800 рублёў у залежнасці ад горада (самы высокі заробак абяцаюць у Магілёве). Касірам прапануюць усяго 700-800 рублёў.

Агулам Беларуская чыгунка размясціла на сайце службы занятасці некалькі соцень абвестак пра пошук супрацоўнікаў самых розных узроўняў – ад буфетчыкаў да інжынераў.

У Латвіі мінімальны заробак складзе 780 еўра

З 1 студзеня 2026 года мінімальны месячны заробак у Латвіі павялічыцца на 40 еўра і складзе 780 еўра, піша Delfi. Летась у гэтай краіне каля 15% работнікаў атрымлівалі мінімальны заробак або ніжэй, але трыма гадамі раней колькасць такіх работнікаў складала 19%.

Для параўнання: у Беларусі мінімальны заробак за кастрычнік склаў 752,52 рубля, або па сярэднім курсе еўра – 216,5 еўра. З новага года будзе 217 еўра ў эквіваленце.

Беларускае Радыё Рацыя