У Беларусі інфляцыя склала 5,8% у чэрвені (у гадавым выражэнні) пасля 5,7% у траўні. Дынаміка цэн была рознай у залежнасці ад катэгорыі. Напрыклад, рост цэн на прадукты харчавання ў чэрвені склаў 6,4% да чэрвеня мінулага года, на нехарчовыя тавары – 4,5%.

Паводле Еўразійскага банка развіцця, асноўнымі праінфляцыйнымі фактарамі застаюцца рост спажывецкага попыту і падвышаная інфляцыя ў Расеі, ключавым гандлёвым партнёры. Банк прагназуе, што сёлета Беларусь будзе на другім месцы ў Еўразійскай эканамічнай прасторы па росце цэн. Прагназуецца, што на канец года інфляцыя не перавысіць шасці працэнтаў. Вышэй гэты паказчык мае быць толькі ў Казахстане, дзе гадавая інфляцыя мае перавысіць 8 працэнтаў.
Якая беларуская кампанія ў ЗША абышла гігантаў па тэмпах росту
Дачка IT-кампаніі ScienceSoft стала самым дынамічным бізнесам з беларускім капіталам у ЗША. У складзеным выданнем Financial Times рэйтынгу 500 найлепшых кампаній бягучага года яна заняла 196-е месца. Па тэмпе росту выручкі за чатыры гады ScienceSoft USA Corporation апярэдзіла такія вядомыя карпарацыі як Glo, Mosaic, Amazon, Airbnb і Google. За чатыры гады выручка ScienceSoft вырасла на 224 працэнты.
ScienceSoft – гэта найстарэйшы IT-бізнес у Беларусі. Кампанія вядзе сваю гісторыю яшчэ з савецкіх часоў – з 1989 года. У 2015 годзе ўжо як самастойная аўтсорсінгавая кампанія ScienceSoft выйшла на рынак ЗША, піша выданне “Беларусы і рынак”.
Магілёўшчына традыцыйна адстае па заробках
Выданне Myfin.by вывучыла афіцыйную статыстыку па заробках у рэгіянальным разрэзе і паглядзела, у якіх раёнах Беларусі зафіксаваныя самыя нізкія сярэднія заробкі.
Паводле даных Белстата, у разрэзе абласцей самы нізкі намінальны налічаны сярэдні заробак у траўні адзначаны ў Магілёўскай вобласці — 1860,3 руб. У канцы рэгіянальнага рэйтынгу апынуліся наступныя раёны: Мсціслаўскі, Слаўгарадскі і Хоцімскі. Самы высокі заробак адзначаны ў Менскай вобласці, дзе ў апошні месяц вясны ён выйшаў на ўзровень 2254,4 руб.
Беларускае Радыё Рацыя
Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц.






