Урад Беларусі запланаваў рост эканомікі ў 2025 годзе на 104,1%, а інфляцыя не павінна перавысіць 5%. Пра гэта на пасяджэнні прэзідыума Савета Міністраў заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Дзеля дасягнення такіх мэтаў у праект закладаецца актыўнае інвестыцыйнае развіццё, нарошчванне аб“ёмаў экспарту тавараў і паслуг і кантроль за інфляцыяй.
Бюджэт на наступны год будзе сфармаваны з дэфіцытам. Паводле міністра фінансаў Юрыя Селіверстава, дэфіцыт бюджэту тлумачыцца прыцягненнем крэдытаў, у тым ліку ў Расейскай Федэрацыі. Міністр запэўніваў, што бюджэт захавае сацыяльную скіраванасць, а галоўнай задачай ён назваў заробкі бюджэтнікаў. Сярэдні заробак лекараў мае скласці 150% да сярэдняга ў эканоміцы, а настаўнікаў – 100%. (reform.news)
З аўкцыёну прадалі зямельны ўчастак Віктара Бабарыкі
За зямельны ўчастак Бабарыкі ў вёсцы Мачаны Лагойскага раёна, недалёка ад возера Вяча, узялі на таргах больш за 331 тысячу рублёў, а стартавая цана была ўдвая меншай. Участак размешчаны насупраць дома палітвязня, ён прызначаны для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. З будынкаў на ім размешчаная лазня.
Экс-кіраўніка «Белгазпрамбанка» Віктара Бабарыку, які ў 2020 годзе кінуў выклік Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах, затрымалі 18 чэрвеня 2020 года разам з сынам Эдуардам, асудзілі на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Новыя даныя пра інфляцыю ў Польшчы
Інфляцыя ў ліпені склала ў Польшчы 4,2% год да года – вынікае з папярэдніх ацэнак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення. Гэта істотная змена, бо месяцам раней інфляцыя складала ўсяго 2,6%. Хоць эксперты кажуць, што рост інфляцыі крыху меншы за прагназаваны, піша money.pl.
Галоўнымі чыннікамі росту інфляцыі стала павышэнне цэн на электраэнергію і газ, а таксама цэн на ваду. У Польскім эканамічным інстытуце адзначаюць: «Наступныя месяцы прынясуць невялікія змены. Інфляцыя можа часова вырасці ў верасні і кастрычніку з увагі на статыстычныя эфекты. Але ў доўгатэрміновай перспектыве бачыцца спад інфляцыі з увагі на стабілізацыю сусветных цэн на прадукты харчавання і энергетычныя рэсурсы, што спрыяе ўмеранай зменлівасці».
Венецыя робіць больш жорсткімі правілы для турыстаў
З 1 жніўня ў Венецыі запрацавалі новыя правілы для вандроўнікаў. Колькасць чалавек у турыстычнай групе не павінна перавышаць 25 чалавек, піша Office Life. Новыя меры ўлады Венецыі тлумачаць абаронай спакою жыхароў і забеспячэннем больш свабоднага перамяшчэння пешаходаў па вуліцах горада. Анансуецца, што за парушэнні правіл турыстаў і гідаў будуць штрафаваць. Гаворка ідзе пра штрафы памерам ад 25 да 500 еўра. Абмежаванні распаўсюдзілі на цэнтр горада, а таксама на выспы Мурана, Бурана і Тарчэла.
У красавіку ў Венецыі ўвялі збор памерам 5 еўра за наведванне горада з 8.30 да 16 гадзін. Гэты эксперымент завяршыўся ў ліпені, а тых, хто не плаціў збор штрафавалі на суму ад 50 да 300 еўра.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: © Sputnik/ Віктар Талочка (на фота – Раман Галоўчанка)