У Беларусі замаруджваецца рост валавага ўнутранага прадукту. За першыя пяць месяцаў года ВУП вырас на 2,5%, а летась за гэты перыяд было 2,8%.

Аналітыкі Еўразійскага банка развіцця знайшлі прычыны. Паводле іх, прамысловая вытворчасць працягвае запавольвацца на фоне зніжэння попыту ў Расеі і ўзмацнення канкурэнцыі як з боку расейскіх імпартазамяшчальных вытворчвасцяў, так і пастаўшчыкоў з іншых сяброўскіх краін. У выніку скарачаецца беларускі экспарт інвестыцыйных тавараў, адпаведна растуць запасы гатовай прадукцыі. Пры гэтым рост эканомікі падтрымліваюць тыя сектары эканомікі, якія арыентаваныя на ўнутраны рынак, да прыкладу, рознічны тавараабарот. Таксама заўважаны ўстойлівы рост у будаўніцтве, актыўна аднаўляецца ІТ-сектар, піша reform.news.
Топ-менэджары трох страхавых кампаній затрыманыя за хабар
У Беларусі затрыманыя тры топ-менэджары буйных страхавых кампаній. Іх назвы афіцыйна не агучваюцца. У паведамленні Міністэрства ўнутраных спраў адзначаецца, што супрацоўнікамі ГУБАЗіК пры сілавой падтрымцы байцоў “Алмазу” у Менску затрыманыя два генеральныя дырэктары 47 і 62 гадоў, а таксама 65-гадовы мужчына, які раней займаў аналагічную пасаду.
Паводле міліцыі, затрыманыя ўступілі ў змову з прадстаўнікамі камерцыйных структур, ад якіх атрымлівалі хабар за вырашэнне пытанняў аб працягненні супрацоўніцтва. Памер незаконных узнагарод вылічаецца дзясяткамі тысяч еўра і даляраў. Ідзе пошук іншых асоб, датычных да гэтай карупцыйнай дзейнасці. Распачаты крымінальныя справы.
Бульбай заняліся дэпутаты Палаты прадстаўнікоў
Беларускі “парламент” адразу ў двух чытаннях прыняў законапраект, які ўносіць змены ў дакументы па адміністрацыйнах адказнасці. Звязана гэта з тым, што ў крамах існуе праблема з бульбай, капустай ды іншай гароднінай і садавіной. Цяпер вырашылі, што сярод гандлёвых сетак краіны будуць вызначаны нарыхтоўшчыкі, якія змогуць атрымаць льготныя крэдыты на пастаўкі садавіны і гародніны са стабілізацыйных фондаў у продаж. Але калі пастаўкі будуць парушаныя, такі нарыхтоўшчык і пастаўшчык будзе пакараны штрафам.
Як удары ЗША па Ірану адаб’юцца на курсе рубля
Даляр працягвае заставацца на адзнацы ніжэй за 3 беларускія рублі. За мінулы тыдзень курс даляра ў Беларусі практычна не змяняўся: за амерыканскую валюту давалі 2 рублі 97 капеек.
У каментарыі для officelife.media фінансавы аналітык Аляксандр Шкут звяртае ўвагу, што агулам на мінулым тыдні адбылося некалькі важных падзей, якія будуць уплываць на каціроўкі валют. Так, на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме гаварылі пра тое, што на Расеі насоўваецца рэцэсія, адпаведна ў доўгатэрміновай перспектыве расейскі, а значыць і беларускі рубель будуць аслабеваць у дачыненні да даляра, еўра і іншых валют.
Што тычыцца кароткатэрміновай перспектывы, то абвастрэнне на Блізкім Усходзе прыводзіць да росту цэн на энерганосьбіты, а менавіта на нафту і газ. Адпаведна экспартная выручка Расеі, прыток валюты, будуць павялічвацца і падтрымліваць курс як расейскага, так і беларускага рубля. Таму пакуль што курс будзе стабільны і можа нават крыху ўмацавацца.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ЕАБР.