Дзяржаўнае рэгуляванне па-ранейшаму застаецца “вызначальным фактарам дынамікі цэн” у Беларусі, гаворыцца ў штотыднёвым макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця. Ацэньваючы ровень інфляцыі за травень, эксперты пры гэтым адзначылі, што “высокі рост заробкаў і крэдытаванне, якое пашыраецца”, працягваюць заставацца “фактарамі рызыкі для ўзмацнення праінфляцыйнага ціску”.

Спажывецкія цэны ў траўні выраслі на 0,1%. З пачатку года рост цэн склаў 2,8%. У гадавым выражэнні яны выраслі на 5,7%. Згодна з важнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на бягучы год, інфляцыя не павінна перавысіць 6%, піша «Позірк».
Uber сышоў з Беларусі
На яго месца прыйшоў расейскі сэрвіс «Яндэкса» – Fasten. Як распавялі Office Life прадстаўнікі Яндэкс Go, у дадатку чатыры тарыфы: Fasten, Upper, Extra і Max. Яны адпавядаюць тарыфам Uber. Таксама ў дадатку можна знайсці незвычайныя ці новыя месцы ў горадзе, маршруты для падарожжаў. На дадзены момант Fasten даступны ў 35 гарадах Беларусі.
Сумеснае прадпрыемства Uber і «Яндэкс» стварылі ў лютым 2018 года. Яно было зарэгістравана ў Нідэрландах. Але гэтай вясной «Яндэкс» выкупіў апошнюю долю Uber у сумесным бізнесе «Таксі». У выніку здзелкі «Яндэкс» застаецца адзіным уладальнікам групы, у якую ўваходзяць сэрвісы замовы таксі, каршэрынгу і арэнды самакатаў.
На Sotheby’s прадалі карціны Шагала і Суціна за мільёны даляраў
Амерыканскі аўкцыённы дом Sotheby’s правёў таргі Modern Evening Auction і Modern Day Auction, падчас якіх былі прададзеныя ў тым ліку карціны беларускіх мастакоў Марка Шагала і Хаіма Суціна, паведамляе «Беларусь і свет».
У прыватнасці, напрыклад, палатно Шагала пад назвай «Вірсавія» пайшло з малатка за 5 142 000 даляраў. Твор яго ж рукі «Выхад на арэну» прынёс 1 996 000 даляраў. Самай дарагой прададзенай працай Суціна стаў нацюрморт «Яблыкі, збан, крэсла і букет» — 482 600 даляраў.
Беларуса з цыгарэтамі на 2 млн даляраў затрымалі ў Польшчы
У Польшчы затрымалі беларуса-дальнабойшчыка, які ўвёз у краіну расейскія цыгарэты на амаль 2 млн даляраў. Грузавы аўтамабіль ехаў з Літвы ў Польшчу. Мытнікі спынілі яго для кантролю ў раёне Будзіска. Кіроўца, 35-гадовы грамадзянін Беларусі, прад’явіў дакументы на перавозку яек. Аднак замест яек мытнікі ўбачылі ў фуры каробкі з цыгарэтамі, паведамляе польская мытня.
Усяго было канфіскавана 520 тысяч пачкаў цыгарэт з расейскімі акцызнымі маркамі. Кошт партыі ацэньваецца на 8 млн злотых. У дачыненні да кіроўцы пачата расследаванне. Яго арыштавалі на тры месяцы. Беларусу пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе reform.news.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: nashaniva.com.