Рэжым у Беларусі працягвае надалей зачышчаць грамадзянскае поле, каб канчаткова пазбавіцца вальнадумства. Гэтым разам у сферы прыватнага бізнеса. Кантраляваць яго будуць праз давераных асоб, якіх будзе прызначаць райвыканкам. Новае «вынаходніцтва» абмяркуем з Госцем Рацыі, былым прадпрымальнікам Русланам Хазіным.

РР: Лукашэнка рыхтуе праект указа, які ўступіць у сілу 1 сакавіка 2025 года, ён надзяляе кіраўнікоў райвыканкамаў функцыяй прызначаць дырэктараў на прыватныя прадпрыемствы. Ці супярэчыць гэтая мера Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і законам аб прыватнай уласнасці?
Руслан Хазін: Па-першае, трэба паглядзець, для чаго гэта робіцца. Нягледзячы на такую працяглую барацьбу Лукашэнкі з прадпрымальнікамі, з прыватным бізнесам у Беларусі, да гэтага часу захавалася некаторая ягоная частка. Гэта якраз тая вобласць, якая не патрапіла пад ягоны ўплыў, ці, прынамсі, пад татальны кантроль дзяржавы. Каб мець уплыў на прыватныя прадпрыемствы, дзе могуць узнікаць думкі, якія супярэчаць, напрыклад, вышэйшаму кіраўніцтву, то каб мець кантроль над гэтымі прадпрыемствамі, трэба ўзгадняць іх дырэктароў і старшыняў і так далей. Але гэта робіцца не толькі для таго, каб знайсці працу для старшынь выканкамаў, знайсці яшчэ, чым ім заняцца, бо часта на розных размовах Лукашэнка гаварыў, што яны сядзяць у кабінетах і нічога не робяць. Гэта будзе мець уплыў на тое, каб кантраляваць усе прыватныя прадпрыемствы, нават малыя фірмачкі, якіх, мяркую, засталося не так многа. Хачу дадаць, што такая практыка ўжо існавала, калі, напрыклад, прызначаліся галоўныя дырэктары банкаў, хоць яны мелі прыватны капітал, не толькі дзяржаўны. Але на такія пасады трэба было ўзгадняць у Нацыянальным банку, напрыклад.
Я не думаю, што кіраўнік гарвыканкама ці аблвыканкама разбіраецца ў розных тонкасцях бізнесу, прычым у розных сферах дзейнасці, і ён сапраўды зможа вызначыць, хто можа гэтым кіраваць. І які чалавек адказвае сваімі прафесійнымі якасцямі якраз такой пасадзе, каб кіраваць прыватным бізнесам. Проста ў Лукашэнкі засталося мысленне лектара з таварыства “Знание”, калі ён нахапаўся там савецкай сістэмы кіравання гаспадаркай і таму спрабуе гэтыя недахопы адукацыі ў эканоміцы ўціснуць у эканоміку Беларусі. Я ўпэўнена магу сказаць, што гэта прывядзе толькі да поўнага загасання рэшткаў прыватных прадпрыемстваў на тэрыторыі Беларусі.
У праекце ўказа напісана, што не толькі кіраўнік райвыканкама будзе прызначаць кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў, але таксама гэтым будуць займацца яго намеснікі, альбо адмысловыя людзі. Але ў любым выпадку, гэта нейкая дадатковая нагрузка на гэтых працаўнікоў, альбо гэта яшчэ адна шчыліна для дадатковых лайдакоў, якія будуць незразумела чым займацца. На маю думку, гэта безумоўна супярэчыць свабодзе прадпрымальніцтва і відавочна кажа пра тое, што хутчэй за ўсё будзе глеба для карупцыі і прапіхвання ў прыватны бізнес сваіх стаўленікаў.
Здаецца, з намерам пахаваць прыватны бізнес гэтым разам Лукашэнка справіцца цалкам, лічыць Руслан Хазін.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя