Ryanair цалкам адмовіўся ад папяровых білетаў. Гэта азначае, што цяпер пасажыры авіякампаніі могуць падняцца на борт самалёта толькі пры дапамозе лічбавых пасадкавых талонаў.

“Пераход да цалкам лічбавай мадэлі азначае больш хуткі, разумны і экалагічны досвед для пасажыраў, а таксама прасцейшы доступ да шэрагу інавацыйных функцый у дадатку, у тым ліку функцыі “Замовіць месца”, інфармацыі пра рэйс у рэжыме рэальнага часу і прамых абнаўленняў у перыяды збояў у працы”, — пракаментавала запуск ініцыятывы дырэктарка па маркетынгу Ryanair Дара Брэды, піша “Еўрарадыё”.
Банкрутуе некалі буйная лізінгавая кампанія
Банкрутуе лізінгавая кампанія, якая калісьці ўваходзіла ў пяцёрку найбуйнейшых на рынку. Эканамічны суд Менска пачаў працэдуру банкруцтва ў дачыненні да кампаніі “Прэм’ерлізінг”, якая ўваходзіла ў топ-5 лізінгавых арганізацый Беларусі. Прадпрыемства існавала з 1998 года і было адным з першых у гэтай галіне. Яно таксама вядомае тым, што інвеставала ў будаўніцтва Тураўскага малочнага камбіната і стварыла лагістычны комплекс “Дваццаць чатыры” у Табарах Мінскага раёна, піша Office Life.
У Беларусі забаранілі прадаваць бульбу дыяметрам менш за 45 мм
У Беларусі забаранілі прадаваць бульбу дыяметрам менш за 45 мм — яе будуць адпраўляць на перапрацоўку. Калі раней мінімальны дапушчальны дыяметр клубняў складаў 35 мм, то пасля ўнясення паправак у дзейны ГОСТ на свежую бульбу, ён павялічыўся да 45 мм. Навіна тычыцца ўсіх гандлёвых аб’ектаў — ад супермаркетаў да рынкаў.
Мэта зменаў — абарона правоў спажыўцоў і павышэнне якасці прадукцыі. Маленькія клубні часта маюць нізкую таварную вартасць — яны хутчэй псуюцца, горш захоўваюцца і змяшчаюць больш адходаў пры ачыстцы.
Orlen працягне пастаўляць амерыканскі газ Украіне
Польская нафтагазавая кампанія Orlen і ўкраінскі энергетычны канцэрн Нафтагаз падпісалі пагадненне аб пастаўках газу ў 2026 годзе. Згодна з пагадненнем, Orlen паставіць ва Украіну больш за 300 мільёнаў кубічных метраў амерыканскага газу. Гэта чарговая сумесная праца дзвюх кампаній — сёлета Orlen паставіў украінскаму кліенту больш за 600 мільёнаў кубічных метраў газу.
У выніку новага пагаднення агульны аб’ём газу, пастаўленага Orlen для Нафтагазу, можа дасягнуць амаль аднаго мільярда кубічных метраў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: 112.ua.




