BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Самая прыязная для беларускага бізнесу – Польшча

Толькі 24% беларускіх прадпрымальнікаў, якія зарэгістравалі бізнес у краінах Еўразвязу, задаволеныя падтрымкай краін, якія іх прынялі. Самая прыязная – Польшча. У краінах Балтыі ўмовы рэлакацыі, легалізацыі беларусаў істотна пагоршыліся, вынікае са справаздачы Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой АВВА.

Фота: globaljobs.pl

На пачатак бягучага года ў краінах ЕЗ было зарэгістравана 8 623 кампаніі з беларускімі бенефіцыярамі, з іх 75 працэнтаў у Польшчы. Віцэ-прэзідэнт АВВА Серж Наўродскі адзначае, што колькасць кампаній цяпер расце не так хутка:

2022 год быў пікавы, і асноўныя лічбы прыросту дала Польшча, як і ў папярэднія гады. Усе іншыя краіны ўжо не з’яўляюцца прывабнымі для бізнесу. Асабліва краіны Балтыі. Умовы рэлакацыі, умовы легалізацыі пагоршыліся, адпаведна, кошт пераезду павялічыўся.

Еўразвяз разгледзець забарону на ўвоз у Беларусь люксавых аўто

Еўразвяз плануе ўзмацніць жорсткасць умоваў увозу ў Беларусь дарагіх аўтамабіляў і тавараў класа люкс, а таксама забараніць пастаўку з Беларусі звадкаванага прыроднага газу і алмазаў. Як піша газета Financial Times, мэтай такіх захадаў зʼяўляецца мінімізацыя рызыкі абыходу санкцый Расеяй з выкарыстаннем беларускіх граніц.

Выданне прыводзіць, у прыватнасці, такую статыстыку: штомесячны ўвоз аўтамабіляў і аўтазапчастак з краін ЕЗ у Беларусь са студзеня 2022-га па студзень 2024-га вырас з $50 млн да $268 млн. Прычым адзначаецца, што найбольш актыўна ўвозіліся аўтамабілі, пастаўкі якіх у Расею забаронены еўрапейскімі санкцыямі.

У ЕС лічаць, што значная частка такіх машын, як і іншых прэміяльных тавараў у выніку пападае на расейскі рынак. Таму перад экспертамі, якія зараз рыхтуюць новы санкцыйны пакет, пастаўлена задача «закрыць шчыліну», піша Office Life.

На польскай мяжы спынілі расейскія агуркі

Польшчу запаланяе гародніна з Расеі. Гэтым разам на мяжы былі затрыманыя агуркі з рэшткамі шкодных для здароўя спажыўцоў рэчываў, піша money.pl.

Выяўленае ў агурках рэчыва аказалася дыхлафосам. Яно ў асноўным выкарыстоўваецца для барацьбы з шкоднікамі, але таксама для абароны прадуктаў ад насякомых. Партыя шкодных агуркоў была затрыманая. А сам імпарт расейскіх агуркоў у Польшчу не навіна. У 2023 годзе ў краіну было ўвезена 7,93 тыс. тон гэтай гародніны. На рынку вы таксама можаце знайсці, сярод іншага расейскія цыбулю ці морквы, а агульны імпарт з Расеі дасягае дзясяткаў тысяч тон. Летась Польшча найбольш імпартавала з Расеі цыбулю – каля 22-х тысяч тон.

Беларускае Радыё Рацыя