BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Самы папулярны выдавец мабільных гульняў закрывае офіс у Менску

Кампанія «Кажыгульні» — беларуская юрыдычная асоба папулярнага паблішэра SayGames — ліквідуецца. Пра гэта піша dev.by. Афіцыйна ліквідацыя кампаніі пачалася 19 чэрвеня. Рашэнне было прынята ўласнікам. Пры гэтым кампанію яшчэ не выдалілі са спісу рэзідэнтаў на сайце ПВТ.

SayGames з’яўляецца адным з самых паспяховых праектаў з беларускімі каранямі па стварэнню мабільных гульняў. Кампанія была заснавана ў 2017 годзе. Сузаснавальнік і гендырэктар — Ягор Вайханскі.

На дадзены момант SayGames мае больш за 4 мільярды загрузак па ўсім свеце. Гульні SayGames перыядычна станавіліся хітамі, а кампанія аказвалася ў сусветным топ-10.

Напярэдадні навучальнага года ў беларускіх школах не хапае настаўнікаў

Дэфіцыт кадраў у Беларусі закрануў і сферу адукацыі. Перад пачаткам новага навучальнага году ў агульнарэспубліканскай базе вакансій 928 месцаў для настаўнікаў.

Прапанаваныя заробкі рэдка перавышаюць 1000 рублёў. Напрыклад, настаўніку гісторыі на поўную стаўку ў школе Скідзеля прапануюць 950 рублёў — гэта ў 2,5 разу ніжэй за афіцыйны сярэдні заробак па Беларусі (2355,1 рубля ў ліпені). У менскай школе настаўніку пачатковых класаў прапануюць на стаўку да 1000 рублёў. Гэта пры сярэднім заробку ў сталіцы 3103,5 рубля, або ў 3,1 разу менш.

Педагогаў трэба яшчэ больш — 1977 вакансій. Гэта педагогі-арганізатары, псіхолагі, сацыяльныя педагогі. Напрыклад, педагогу-арганізатару ў Маларыцкай сярэдняй школе прапануюць на стаўку 776 рублёў 18 капеек, або ўтрая менш за сярэдні заробак па Беларусі. (Радыё Свабода)

Цэны на паліва ў Польшчы пачалі зніжацца

Кошт паліва на заправачных станцыях у Польшчы надалей будзе паніжацца, прагназуюць эксперты. Як паведамляе партал epetrol.pl, кошт бензіну складзе максімальна 6,30 злотых за літр (цяпер 98 бензін каштуе 6,86 – гэта сярэдні паказчык па краіне), а дызельнага паліва – 6,32 злотых за літр.

Эксперт па пытаннях энергетыкі Даніэль Чыжэўскі кажа, што змены на паліўным рынку з’яўляюцца, між іншым, вынікам зніжэння цэн на нафту на Лонданскай біржы. На мінулым тыдні яе кошт знізіўся нават да 76 даляраў за барэль:

Згаданая тэндэнцыя – гэта вынік падзення паказчыкаў працаўладкавання ў ЗША. Інвестары пачалі асцерагацца рэцэсіі. Надоечы таксама Кітай агучыў паказчыкі, датычныя вытворчасці, якія, дарэчы паніжаюцца. Гэта бачна таксама на прыкладзе кітайскага імпарту нафты. У ліпені Кітай купіў на 12 працэнтаў менш нафты, чым месяцам раней. (Беларуская служба Польскага радыё).

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: say.games/en