Дыскусіі па пытанні перавозкі беларускіх калійных угнаенняў праз Еўрапейскі звяз не вядуцца, заявіў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс. Раней з’явіліся неафіцыйныя паведамленні пра тое, што транзіт беларускага калію праз Літву мог бы быць адноўлены ў абмен на магчымасць перавозіць украінскія грузы ў порт Клайпеды праз тэрыторыю Беларусі.

Літва забараніла транзіт беларускіх угнаенняў на пачатку 2022 года, абапіраючыся на санкцыі ЗША, паколькі Еўразвяз увёў адпаведныя абмежаванні пазней. У мінулым снежні ЗША знялі санкцыі з беларускага калію, але Літва не хоча ісці гэтым шляхам.
У Расеі незадаволеныя пастаўкамі беларускага масла
Масква і Менск правялі перамовы наконт паставак беларускага масла ў Расею. Прычынай абмеркавання стала складаная сітуацыя на расейскім рынку: сабекошт вытворчасці масла ў Расеі вырас, попыт за год скараціўся амаль на 10%, а складскія запасы істотна павялічыліся. На гэтым фоне ўзмацніўся ціск з боку беларускіх вытворцаў, чыя доля на расейскім рынку дасягнула 25%. Пра гэта піша “Коммерсант”.
Паводле крыніц выдання на аграрным рынку, беларускія кампаніі пачалі прапаноўваць масла па ніжэйшых цэнах, што ўскладняе расейскім вытворцам збыт уласнай прадукцыі.
Прызначаны новы міністр фінансаў
Новым міністрам фінансаў Беларусі прызначаны Уладзіслаў Татарыновіч. Да гэтага часу ён працаваў намеснікам старшыні Савета Рэспублікі. Папярэдні міністр фінансаў Юрый Селіверстаў прызначаны паслом у Расеі.
За хабар затрымалі аднаго з топ-чыноўнікаў Гарадзеншчыны
Затрыманы 45-гадовы намеснік дырэктара “аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу” Гарадзенскай вобласці, паведаміла прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў. Яго затрымалі пры “атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры” (58 тысяч долараў). Нібыта грошы перадаваліся “за адгрузку прадукцыі прадпрыемства для рэалізацыі на тэрыторыі сумежнай дзяржавы”. Таксама паведамляецца, што агулам хабару чыноўнік набраў больш як на 100 тысяч даляраў.
Беспрацоўны ў Польшчы можа атрымаць больш за 12 тысяч еўра
Беспрацоўныя ў Польшчы могуць звяртацца па дзяржаўныя датацыі на адкрыццё ўласнага бізнесу. Можна атрымаць 52 000 злотых (12 380 еўра).
Спачатку неабходна запоўніць заяву. Дакументы размяшчаюцца на сайтах паасобных Бюро занятасці. Пазначана таксама, якія ўмовы мусіць выканаць беспрацоўны. Проста запоўніць заяўку — недастаткова. Неабходна апісаць будучы бізнес і абгрунтаваць яго перавагі на рынку. Гэта дзеля таго, каб грошы не былі змарнаваныя.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: belaruskali.by.






