BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Санкцыі – санкцыямі, а зарабіць амаль кожны хоча

Так, не зважаючы на агульнае скарачэнне беларускага экспарту ў Германію, некаторыя пазіцыі растуць – піша выданне MyFin са спасылкай на Федэральнае статыстычнае ўпраўленне ФРГ.

Агулам імпарт з Беларусі ў Германію за мінулы год абваліўся на 42 працэнты. Так, у 2022 годзе імпарт складаў 417 мільёнаў еўра, а ў 2023 годзе – 243 мільёны еўра. І гэта цалкам лагічна, зыходзячы з існай геапалітычнай сітуацыі. Асабліва заўважна абваліўся імпарт па такіх таварных пазіцыях як шкловалакно, электрычныя і медыцынскія прылады, замарожаная садавіна.

Аднак некаторыя беларускія тавары аказаліся ў Германіі вельмі запатрабаванымі і паказалі рост. Гэта неапрацаваны свінец, правады і мэбля. Вось да прыкладу свінцу два гады таму Германія купіла на 1 мільён 400 тысяч еўра, а ў мінулым годзе – амаль на 22 мільёны. Таксама Германія працягвае актыўна купляць беларускія зборныя будаўнічыя канструкцыі, шкляныя вырабы, лінзы, люстра ды іншыя аптычныя элементы і іншыя тавары.

Гучная кадравая змена тыдня

Гучнай кадравай зменай тыдня стаў зыход з пасады генеральнага дырэктара мабільнага аператара МТС Уладзіслава Андрэйчанкі. Пра тое, што ў кампаніі “Мабільныя ТэлеСістэмы” змяняецца кіраўніцтва – паведамілі ў прэс-службе пятага красавіка па вынікаў агульнага сходу ўдзельнікаў. Сам Уладзіслаў Андрэйчанка сказаў, што ганарыцца тым, што “18 гадоў быў часткай каманды найбуйнейшага мабільнага аператара краіны”. Топ-мэнаджар кажа, што менавіта ў МТС адбылося яго прафесійнае развіццё. У кампаніі ўдакладнілі, што Уладзіслаў Андрэйчанка прыйшоў у МТС у 2006 годзе, займаў кіраўнічыя пасады ў Віцебскім і Магілёўскім філіялах кампаніі, а ў кастрычніку 2021 года быў прызначаны генеральным дырэктарам, піша Office Life.

Але ў гэтай навіне ёсць адзін нюанс, палітычнага характару. Справа ў тым, што Уладзіслаў Андрэйчанка – сын Уладзіміра Андрэйчанкі. А той, вядомы прыхільнік Лукашэнкі і адна  з асоб яго бліжэйшага атачэння, акурат пасля чатырох тэрмінаў запар сышоў з Палаты прадстаўнікоў, дзе быў спікерам. Наколькі звязаныя паміж сабою гэтыя два падзеі сказаць цяжка, але гэта не выглядае выпадковым. 

Ягады з Зімбабвэ жыццё не “падсалодзяць”

Як вядома, Зімбабвэ цяпер адна з тых краін, куды скіраваныя погляды эканамічнага кіраўніцтва Беларусі. Маўляў, Зімбабвэ нас калі не ўратуе, то прынамсі дапаможа. І вось беларусам прапанавалі ягады з Зімбабвэ. Праўда, цэннікі на іх далёка не салодкія, некалькі прыкладаў прыводзіць выданне Telegraf.news. Так, на сайце адной з папулярных крамаў знайшлі буякі, прывезеныя з Зімбабвэ. За пластыкавую скрыначку ў 125 грамаў прыйдзецца заплаціць 9,99 рублёў. Адпаведна, за кілаграм – амаль 80 рублёў, або 24,5 даляры. Кілаграм ажын з Мексікі каштуе 184 рублі за кілаграм, або 56,5 даляраў. Як гаворыцца, смачна есці.

Цэны на прадукты харчавання ў свеце аднавілі рост

Тым часам сусветныя цэны на прадукты харчавання выраслі пасля доўгага зніжэння на працягу сямі месяцаў. Асабліва актыўна раслі цэны на алей раслінны, малочную прадукцыю і мяса. Так, сярод малочкі найбольш цэны выраслі на сыры. Аналітыкі гэта тлумачаць стабільным попытам на сыры з боку краін Азіі і ростам цікавасці да сыроў у Заходняй Еўропе ў час веснавых свят. Сярод мясной прадукцыі заўважна вырасла цана на мяса птушкі, што таксама звязана з ростам попыту на яго. Рост цэн склаў блізу двух працэнтаў.

Затое ўпалі цэны на цукар і зерневыя – на 5,5 і 2,5 працэнты адпаведна. І гэта таксама мае сваё тлумачэнне. Да прыкладу, цяпер ідзе вострая экспартная канкурэнцыя за пшаніцу паміж Еўразвязам, Расеяй і Злучанымі Штатамі, адпаведна цана на пшаніцу ўпала, кожны зніжае, каб мець перавагі на рынку. А што тычыцца цукру, то прагназуецца істотны рост вытворчасці цукру ў Індыі, да таго ж у Тайландзе сабралі добры ўраджай цукровага трыснягу.

За падзеямі эканомікі ў Беларусі і свеце за тыдзень сачыла Яна Запольская

Фота з адкрытых крыніц