
Сейм Польшчы прыняў рэзалюцыю, якая заклікае Еўракамісію ўвесці забарону на імпарт прадуктаў харчавання і сельгаспрадукцыі з Беларусі і Расеі. Адначасова Еўрапейскай радзе і Еўрапарламенту быў адрасаваны заклік прыняць меры па абароне адчувальных сектараў рынку ЕЗ ад празмернага імпарту з Украіны. У дакуменце таксама гаворыцца аб пераглядзе палажэнняў ініцыятывы “Зялёны курс”.
У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што пастаўкі сельгаспрадукцыі з Беларусі і Расеі ў ЕЗ прадаўжаюць прыносіць даходы вытворцам і прадаўцам з абедзвюх краін, а таксама іх бюджэтам. “Наш маральны абавязак – спыніць гандаль, які можа прама ці ўскосна спрыяць умацаванню здольнасці Расеі і Беларусі, якая працягвае падтрымліваць вайну з Украінай, тым больш, што расейскі імпарт можа ўключаць збожжа, выкрадзенае з акупаваных тэрыторый Украіны”, – гаворыцца ў тэксце. У рэзалюцыі таксама адзначаецца, што пастаўкі з РФ негатыўна ўплываюць на адзіны еўрапейскі рынак.
Беларусы пачалі больш актыўна прадаваць валюту
У лютым фізічныя асобы ў Беларусі выступілі чыстымі прадаўцамі замежнай валюты. Па выніках месяца яны прадалі на 168 мільёнаў даляраў больш, чым купілі. Пра гэта сведчаць статыстычныя звесткі Нацыянальнага банка. Агульны аб’ём набытай фізічнымі асобамі наяўнай і безнаяўнай замежнай валюты ў лютым склаў больш за 753 мільёны даляраў, прададзенай — 921 мільён.
У той жа час суб’екты гаспадарання — рэзідэнты Беларусі ў лютым выступілі ў ролі чыстых пакупнікоў замежнай валюты. Зыходзячы са звестак Нацыянальнага банка, прадпрыемствы купілі на 209,1 мільёнаў даляраў ў эквіваленце больш, чым прадалі.
У Гарадзенскай вобласці ўпершыню з 2020 года выраслі інвестыцыі
Летась у Гарадзенскай вобласці ўпершыню з 2020 года вырас аб’ём інвестыцый, піша Honda.life са спасылкай на звесткі абласнога статыстычнага ўпраўлення. Летась у вобласць прыцягнулі амаль 294 мільёны даляраў замежных інвестыцый. “Але нават з улікам росту інвестыцый менш, чым было 10 гадоў таму. І гэта без папраўкі на інфляцыю”, адзначае рэсурс.
Для параўнання ў рэкордным 2019 годзе вобласць здолела атрымаць 438,5 мільёнаў даляраў, гэта значыць на траціну больш, чым атрымала ў 2023. З 2020 года аб’ём інвестыцый пастаянна падаў. Калі раней асноўнымі інвестарамі былі арганізацыі з Аўстрыі, Кіпра, Літвы і Польшчы. Цяпер — з Кіпра (36,2%), Расеі (22,9%) і Нідэрландаў (10,8%). Большая частка інвестыцый — гэта прамыя замежныя інвестыцыі.
Беларусь усё больш паспяхова прадае лесапрадукцыю
За студзень-люты продаж лесапрадукцыі на пляцоўцы Беларускай універсальнай біржы вырас у 2,7 разу і склаў амаль 485 мільёнаў рублёў. Амаль палова гэтай сумы атрыманая ад экспарту піламатэрыялаў, піша Office Life. Так, на апошніх квартальных таргах сёмага сакавіка заключылі каля 900 здзелак на агульную суму, якая перавышае 63 мільёны рублёў. Найбольшым попытам карыстаецца дзелавая драўніна хвойных парод. Пакупнікамі сталі больш за 560 кампаній.
У пяцёрку ж самых буйных экспарцёраў беларускага лесу традыцыйна ўваходзяць Кітай, Азербайджан, Узбекістан, Расеі і Сінгапур.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: report.az (прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск).






