У 2024 годзе ў Беларусі залішні попыт на тавары і паслугі – як з боку насельніцтва, так і бізнесу – ціснуў на цэны. Але яны не выраслі так, як маглі б. Прычына – дзяржаўнае рэгуляванне. Таму па выніках мінулага года інфляцыя склала 5,2%.

Што датычыцца рэгуляваных цэн, то яны за мінулы год выраслі на 4,4 працэнта. Гэта мінімальнае значэнне для Беларусі ў XXI стагоддзі, адзначыў эканаміст Анатоль Харытончык.
– У пачатку бягучага года інфляцыя застанецца стрыманай – дзесьці ў межах 5,5%. Але яна можа паскорыцца да 6-8% на працягу года, калі ўлады ўсё ж пойдуць на паступовае паслабленне цэнавага кантролю, – распавёў эканаміст. Паводле яго прагнозу, пры рэзкай адмове ад ручнога кіравання цэны наўрад ці ірвануць у сярэднім вышэй за 10% па выніках гэтага года.
Нагадаем, у бягучым годзе ўрад мае намер змяніць сістэму дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння, піша news.zerkalo.io.
Колькасць не занятага ў эканоміцы насельніцтва ў Менскай вобласці
Летам 2024 года каля 15% працаздольнага насельніцтва Менскай вобласці не было занята ў эканоміцы. Гэта больш за 111 тысяч чалавек. Пра гэта гаворыцца ў прадстаўленні абласной пракуратуры, накіраваным старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Менаблвыканкама Тамары Красоўскай. Пры гэтым на тэрыторыі вобласці 2.121 грамадзянін з ліку асоб, не занятых у эканоміцы, вядзе асацыяльны лад жыцця, — адзначаецца ў прадстаўленні. Копію дакумента за подпісам першага намесніка пракурора Менскай вобласці Дзмітрыя Рудакова прадаставіла “Позірку” аб’яднанне былых сілавікоў BelPol.
Супрацоўнік пракуратуры канстатуе, што мясцовыя органы ўлады абавязаныя “садзейнічаць у працаўладкаванні грамадзян на наяўныя вакансіі і створаныя працоўныя месцы”, а таксама павінны аказваць беспрацоўным усебаковую дапамогу.
МВФ палепшыў прагноз для эканомік ЗША і Расеі
Эканоміка Злучаных Штатаў у 2025 годзе вырасце на 2,7%. Гэта больш, чым чакалася. Рост вышэй за папярэднія ацэнкі прагназуецца таксама ў Кітаі і Расеі. А вось дынаміку ВУП Еўразоны Міжнародны валютны фонд перагледзеў у бок паніжэння. Па Еўразоне прагноз знізіўся да 1%. Фактычна гэта не рост, а дэпрэсія. У якасці прычын у дакладзе называюць слабы спажывецкі попыт і высокія цэны на энерганосьбіты.
У студзеньскім аглядзе сусветнай эканомікі МВФ не стаў пераглядаць прагноз па сусветнай эканоміцы ў цэлым. Як і раней, яе рост у 2025 годзе ацэньваецца 3,3% на два бліжэйшыя гады.
“Буйныя глабальныя ўзрушэнні, якія пачаліся з пандэміі, вайны ва Украіне, і выклікалі самы вялікі ўсплёск інфляцыі за 40 гадоў, засталіся ззаду. Гэта канец цыклу і пачатак новага”, – канстатавалі ў арганізацыі, піша Office Life.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.