Міжнародная сістэма браніравання атэляў Booking.com больш не прымае плацежныя карты большасці беларускіх банкаў. Як піша Office Life, гэта адбылося пасля пераходу платформы на амерыканскую аплатную сістэму Stripe. У турыстычных агенцтвах ведаюць пра гэту праблему і гавораць, што плацяжы некаторых банкаў пакуль праходзяць. У прыватнасці, гэта датычыцца картак МТБанка, BSB-банка і Альфа-Банка. Некаторыя кліенты Прыёрбанка і Беларусбанка таксама паведамлялі пра паспяховыя браніраванні. Спецыялісты мяркуюць, што Stripe блакуе ў першую чаргу карты “падсанкцыйных” банкаў.

Як будзе развівацца сітуацыя далей – не зусім зразумела. Booking.com спыніў працу з беларускімі і расейскімі атэлямі амаль два гады таму, але не перашкаджаў беларусам браніраваць месцы размяшчэння за мяжой.
Як залежнасць рэжыму ад Расеі ўплывае на эканоміку Беларусі?
Нягледзячы на тое, што Белстат паказвае рост эканомікі — 3,8% за 11 месяцаў мінулага года, усё адно гэты вынік нельга лічыць адметным. Такую думку выказаў дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных пытаннях Алесь Аляхновіч у інтэрв’ю “Позірку”. Ён нагадаў, што летась беларуская эканоміка “прасела амаль на 5%”.
“Цяпер эканоміка вырасла на няпоўныя чатыры працэнты, то-бок мы яшчэ не аднавілі тую страту, якую мелі ў 2022 годзе, у тым ліку праз страту ўкраінскага рынку, ад дадатковых эканамічных санкцый за ўдзел у вайне. А прагноз МВФ на наступныя пяць гадоў паказвае, што беларуская эканоміка будзе мець чацвёрты самы дрэнны паказчык эканамічнага росту ў свеце”, — адзначыў Аляхновіч. “Гэты год я ацэньваю даволі скептычна: мы страчваем свой суверэнітэт, ідзе пераарыентацыя на расейскую эканоміку, але эканамічных вынікаў няма. І пры гэтым рэжыме сітуацыя не палепшыцца”, — адзначыў эксперт.
Гарадзенская вобласць працягнула дазвол на вываз прадуктаў
Гарадзенскі абласны выканкам дазволіў вывозіць у Польшчу і Літву харчовыя тавары для асабістага карыстання без абмежаванняў да 31 снежня 2024 года. Рашэнне мясцовых улад апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набыло моц.
Як прыгадвае “Позірк”, яшчэ ў 2022 годзе ўрад увёў ліміты на колькасць пэўных тавараў, якія фізічныя асобы могуць вывозіць за межы Еўразійскага эканамічнага саюза. У прыватнасці грамадзянам не дазваляецца везці за межы краіны больш за 2 кг пшанічнай мукі; звыш 1 кг розных круп, цукру і солі, больш 1 л расліннага алею, больш за тры слоікі кансерваў.
У Гарадзенскай, Берасцейскай і Віцебскай абласцях былі прыняты выключэнні, прадоўжаныя ў мінулым годзе.
У Лунінцы паўстаў дэфіцыт хлеба
У крамах Лунінца апошнім часам стаў назірацца дэфіцыт хлеба. Імаверна, такая праблема ёсць і ў іншых гарадах, напрыклад, на тое ж скардзіліся жыхары Рагачоўскага і Жлобінскага раёнаў. Пра тое, што ў лунінецкіх крамах увечары не знайсці звычайнай “цаглінкі”, піша “Лунінец Online”. Лепшая сітуацыя ў райпоўскіх крамах, бо там пякуць свой хлеб. У чым жа прычына раптоўнага дэфіцыту?
Дырэктар хлебазавода Павел Вабішчэвіч распавёў, што на рэспубліканскім узроўні было забаронена забіраць з гандлю чэрствы хлеб. Раней па палажэннях санітарных нормаў яго пускалі на перапрацоўку. Цяпер гэтага рабіць нельга. Таму хлебазавод, забіраючы чэрствы хлеб і адпраўляючы яго на ўтылізацыю, панясе страты. На фінансавай дзейнасці гэта адбілася б негатыўна. (nashaniva.com)
Беларускае Радыё Рацыя






