
9-га красавіка ў Вільні распачаўся III Беларускі бізнес-форум. У форуме, акрамя непасрэднага беларускага бізнесу ў выгнанні, возьмуць удзел прадстаўнікі літоўскага Дэпартаменту па міграцыі, міністэрстваў, эксперты і прадстаўнікі бізнес-асацыяцыяў Літвы, федэральных структур ЗША і Еўразвязу.
Мы пагутарылі з віцэ-прэзідэнтам Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Сержам Наўродскім пра тое, якія галоўныя праблемы паўстаюць перад беларускім бізнесам у Літве і як іх можна вырашыць. Наколькі лёгкі выхад беларускіх кампаній на літоўскі рынак і якая з краін ЕЗ найбольш спрыяльная для беларускага ІТ-сектара ў выгнанні:
РР: Пару слоў, для чаго праводзіцца такая сустрэча? Хто стаў ініцыятарам?
– Ініцыятарам гэтага форуму з’яўляецца Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) таксама як і папярэдніх двух форумаў. То бок гэта ўжо трэці раз, калі мы сустракаемся. Асноўная задача, гэта сабраць беларускую бізнес-дыяспару ў Літве і ў краінах Балтыі агулам. Такая была задача напачатку, але зараз відавочна, што ў гэты трэці раз мы больш сканцэнтраваныя ўсё ж такі на праблемах канкрэтна Літвы. То бок праблемы з вядзеннем бізнесу, ад найму персаналу, прыцягнення ВНЖ.
Мы думаем таксама на перспектыву, глядзім на ўвесь рэгіён. У тым ліку ў гэтым годзе, адна з мэтаў як раз такі паглядзець на некаторыя рэгіянальныя ініцыятывы, бо мы гэты форум ладзім разам з ініцыятывай, якая называецца ініцыятыва “Трохмор’я”. Нам дазволілі быць часткай гэтай ініцыятывы, бо ў іх даволі вялікі бізнес-форум у Вільні ў гэты час адбываецца.
“Трохмор’е” – гэта 13 краін Еўропы ад Балтыкі да Адрыятычнага мора, ад Эстоніі да Грэцыі, якія аб’ядналіся ў адзін такі калідор ад поўначы на поўдзень. Беларусі і Украіны там няма. Украіна вельмі хацела б там быць, калі скончыцца вайна. Тым не менш Беларусі зараз па аб’ектыўных прычынах там няма, але мы б хацелі, мы разлічваем на тое, што ў будучыні Беларусь павінна быць у такіх рэгіянальных ініцыятывах. Бо гэта выключна бізнесовая і эканамічная ініцыятыва.
РР: Пазначана, што прымуць удзел прадстаўнікі літоўскага дэпартаменту па міграцыі, міністэрстваў і банкаў. Як яны пагадзіліся ўдзельнічаць у такой сустрэчы?
– Пагадзіліся. Мы канстатуем такі факт, што яны будуць. Ужо пэўнае дасягненне па сённяшніх часах. Тым не менш запрасіць іх насамрэч было не проста. Але бачыце, наша задача як раз такі спрыяць гэтаму дыялогу, спрыяць, каб ішлі размовы, каб нас не ўспрымалі такім чынам, што хтосьці штосьці, а каб людзі самі рабілі высновы, тыя ж чыноўнікі Літвы ці прадстаўнікі няўрадавых ініцыятыў. Каб яны прыходзілі, глядзелі, размаўлялі, тлумачылі.
Мы за дыялог і бачыце, пакуль ён атрымліваецца. Хаця яшчэ раз паўтаруся, з кожным годам гэта цяжэй, але гэта не азначае, што гэта немагчыма. Мы і ўлада ставімся да гэтага такім чынам, што гэта не праблема, а выклік для нас. То бок мы павінны такім чынам сканструяваць бізнес-форум такім чынам, каб усім было цікава. Каб мы падымалі тыя тэмы, якія і “гарачыя” з аднаго боку, але ў той жа час не спрэчныя.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сержа Наўродскага:






