Сітуацыя на «Гомсельмашы», буйным беларускім вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі, пагаршаецца.

Фота: gomselmash.by
Як стала вядома Белсату ад крыніцаў, зьвязаных з прадпрыемствам, Завод ліцця і нармаляў (ЗЛіН), які ўваходзіць у склад аб’яднання, быў вымушаны ўзяць крэдыт у банку, каб выплаціць заробкі працаўнікам у пачатку году.
«Прадпрыемства ўжо доўга працуе са стратамі, заробкі рэгулярна скарачаюцца, што прыводзіць да масавага звальнення кваліфікаваных кадраў. Праз дэфіцыт спецыялістаў кіраўніцтва вымушанае накіроўваць супрацоўнікаў з адных падраздзелаў у іншыя, нярэдка нават не паводле профілю іхнай асноўнай дзейнасці. Гэта адмоўна ўплывае на агульную якасць вырабленай прадукцыі», — піша выданне.
Прадпрыемства значна залежыць ад рынку Расеі, куды пастаўляе каля 80% сваёй прадукцыі. Аднак расейскія экспэрты прагназуюць далейшае зьніжэнне попыту на сельгастэхніку на 10–15 %.
Да падтрыманай уладамі Беларусі расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, «Гомсельмаш» актыўна працаваў на ўкраінскім рынку, меў сваіх дылераў і сетку абслугоўвання.






