BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Праблемны год для беларускага машынабудавання

Беларускія вытворцы прайгралі некалькі тэндараў на пастаўкі тралейбусаў у расейскія рэгіёны. Гэта сітуацыя стане прадметам разбору. Пра гэта ў інтэрв’ю БТ паведаміў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой. Чыноўнік ахарактарызаваў 2025 год як складаны для беларускага машынабудавання на расейскім рынку.

Фота ілюстрацыйнае: transphoto.org
Фота ілюстрацыйнае: transphoto.org

«І выклікана гэта многімі прычынамі: ад кошту збожжа да ўзроўню працэнтных ставак па банкаўскіх, фінансавых і лізінгавых прадуктах. Калі ў фермераў, ключавых спажыўцоў, на сённяшні дзень такі фінансавы стан, у першую чаргу яны думаюць пра бягучую дзейнасць, а не пра інвестыцыйнае абнаўленне і куплю трактароў і камбайнаў”, — заявіў Крутой.

У Крупскім раёне запусцілі новы завод

У Крупскім раёне адкрылі новы завод па вытворчасці тарфяных грунтаў. На прадпрыемстве паставілі самую магутную ў краіне лінію для сепарацыі торфу, піша «Мінская праўда». Агульны аб’ём захоўвання падрыхтаванага і рэзанага торфу дасягае прыкладна 1250 кубаметраў.

Плануецца, што прадукцыя завода будзе пастаўляцца не толькі на ўнутраны рынак, але і за мяжу — у Расею, Кітай, Казахстан і Турцыю.

Дзяржаўныя газеты Беларусі зноў атрымаюць грошы з бюджэту

Рэдакцыям дзяржаўных СМІ зноў дадуць бюджэтную падтрымку, суму якой апошнімі гадамі публічна не паведамляюць. Нацыянальны прававы партал Беларусі апублікаваў пералік дзяржаўных СМІ, якім будзе аказаная дзяржаўная падтрымка.

Большасць недзяржаўных СМІ ўлады Беларусі закрылі, частка з іх цяпер працуе з-за мяжы, іх журналісты трапілі пад маштабныя рэпрэсіі.

У Польшчы вырастуць цэны на алкаголь

Сенат Польшчы прыняў папраўку да Закона аб акцызах, якая прадугледжвае значнае павелічэнне акцызаў на алкаголь у 2026-2027 гадах. Мэта – павялічыць даходы дзяржаўнага бюджэту і падрыхтавацца да будучых фінансавых выклікаў. Гэтыя змены павінны ўступіць у сілу 1 студзеня 2026 года. Міністэрства фінансаў заявіла, што папраўка мае на мэце забяспечыць дадатковыя даходы бюджэту прыкладна ў 1,96 мільярда злотых штогод, піша wp.pl. Змены павінен яшчэ падпісаць прэзідэнт.

Плануецца, што ў 2026 годзе стаўка акцызу на алкаголь павялічыцца на 15%, а ў 2027 годзе яшчэ на 10%. Раней закладалася павышэнне на 5% ў кожны з гэтых гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя