Нацбанк Беларусі запатрабаваў, каб камерцыйныя банкі ўвялі абмежаванні па зняцці наяўных з замежных картак. Пра гэта паведамляе прэс-служба рэгулятара. Абмежаванне па зняцці наяўных грошай і ўнясенні грошай праз банкі для замежных картак будзе дзейнічаць з 20 снежня 2024 года па 1 лютага 2025-га.

У банкаматах будзе абмежавана сума зняцця наяўных з карт замежных банкаў – не больш за 25 базавых велічынь у месяц для адной карты (цяпер гэта 1000 рублёў). Калі спатрэбіцца зняць большую суму, гэта можна будзе зрабіць толькі праз касу банка, прад’явіўшы пашпарт. Папаўненне рахункаў праз банкаматы, тэрміналы і іншыя прылады самаабслугоўвання стане магчыма толькі з выкарыстаннем карты ці плацежнай прылады, якая дазваляе ідэнтыфікаваць уладальніка. Гэтыя меры рэгулятар увёў для зніжэння рызык махлярства і абароны грамадзян, паведамляецца на сайце Нацбанка.






