Будынак былой вінакурні на вуліцы Пакроўскай у Віцебску прадалі на аўкцыёне амаль за 136 тысяч даляраў. Да гэтага яго беспаспяхова выстаўлялі на таргі 12 разоў, піша Office Life.
Як паведамляецца, агульная плошча завода, які пуставаў ужо больш за сем гадоў, складае больш за 5 тыс. кв. м. Лот уключаў два вытворчых корпусы, цэх аўсянага печыва, віна– і спіртасховішча ды ўсе інжынерныя сеткі. Новы ўладальнік таксама атрымаў у карыстанне зямельны ўчастак плошчай 2 га. Інвестар плануе аднавіць гістарычнае аблічча квартала. У ім размесцяцца гандлёвыя ўстановы, а на другіх паверхах — кватэры.
Вінакурня была пабудаваная ў 1898 годзе, а затым перабудоўвалася пасля пажару, які адбыўся 13 красавіка 1904 года. Вытворчасць віна тут была спыненая ў 2017 годзе.
За месяц у Беларусі стала амаль на 9 тысяч работнікаў больш
У кастрычніку ў беларускай эканоміцы было занята 4 млн 117,5 тыс. чалавек — на 0,21% больш, чым у верасні, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Узровень беспрацоўя, разлічаны ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы (фактычнае беспрацоўе), у трэцім квартале знізіўся на 0,5 працэнтнага пункта — да 2,9%.
Аўто кітайскага брэнда AVATR могуць заблакаваць
Аўтамабілі кітайскага брэнда AVATR, увезеныя ў Беларусь па шэрых схемах, з 30 лістапада могуць аказацца заблакаванымі. На такі радыкальны крок вытворца вырашыў пайсці, каб спыніць неафіцыйныя пастаўкі сваіх аўто ў іншыя краіны, паведамляе Telegraf.news са спасылкай на кампанію «Аўтавельт» — афіцыйнага дыстрыб’ютара AVATR у Беларусі.
Па сутнасці, усе аўтамабілі AVATR, увезеныя ў краіну не праз афіцыйных дылераў, пасля адключэння ўсіх сеткавых функцый ператворацца ў «цагліны». Гаворка ідзе галоўным чынам пра аўто, якія выпускаліся для кітайскага рынку, але нейкім чынам абышлі забарону на экспарт і «выцеклі» з Паднябеснай. Як растлумачылі ў офісе беларускага дылера, у выпадку блакавання ні ўладальнікі аўто, ні дыстрыб’ютар, які парушыў правілы, самі не змогуць разблакаваць машыну, піша «Зеркало».
Складваецца добрая сітуацыя на польскім рынку працы
Сітуацыя на польскім рынку працы застаецца вельмі добрай. Апошнія дадзеныя Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення паказваюць, што ўзровень беспрацоўя ў кастрычніку склаў 4,9 працэнта ў параўнанні з 5 працэнтамі месяцам раней. Колькасць зарэгістраваных беспрацоўных склала 765,5 тыс. супраць 769,6 тыс. у верасні.
Паказчык крыху лепшы за папярэднюю ацэнку Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі. Беспрацоўе па выніках года міністэрства прагназуе на ўзроўні 5 працэнтаў, паведамляе Беларуская служба Польскага радыё.
Беларускае Радыё Рацыя.