BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Статыстыка палепшала, але патрэба ў кадрах надалей вострая

У канцы мінулага года, а таксама пачатку гэтага назіралася рэдкая для беларускай эканомікі з’ява – колькасць прынятых на працу перавышала колькасць звольненых. Аднак потым сітуацыя вярнулася ў звыклае рэчышча адтоку кадраў. І ўсё ж дынаміка сёлета выйшла не такая сумная, як раней. За студзень-жнівень у краіне звольнілі амаль 536 тысяч чалавек, а прынялі на працу больш за 508 тысяч. Розніца паміж звольненымі і прынятымі на працу склала 5%, што ўдвая менш, чым годам раней.

Фота ілюстрацыйнае: Depositphotos
Фота ілюстрацыйнае: Depositphotos

Але арганізацыі надалей маюць вострую патрэбу ў кадрах – колькасць вакансій, размешчаных у базе Мінпрацы, вясной гэтага года дасягнула гістарычнага максімуму і перавысіла 200 тысяч пазіцый. Цяпер засталося 178,4 тыс. вакансій. (паводле “Беларусы і рынак”).

Беларуская чыгунка атрымае палёгку

Беларуская чыгунка атрымала адтэрміноўку па крэдытах. Тэрмін выплаты крэдытаў падоўжылі на пяць гадоў да 2035 года, паколькі кіраўніцтва чыгункі звярнулася да ўраду з просьбай перагледзець графік плацяжоў. Гэта тлумачыцца тым, што выплата крэдытаў – вельмі цяжкая фінансавая нагрузка для арганізацыі.

Праблема палягае на тым, што бягучы прыбытак ад перавозачнай дзейнасці хаця і прысутнічае, але аказваецца недастатковым для поўнага пакрыцця крэдытных абавязацельстваў, узятых раней на рэалізацыю маштабных праектаў, сярод якіх – электрыфікацыя і набыццё новага рухомага саставу.

Бізнес крытыкуе пілотны праект чатырохдзённага працоўнага тыдня

Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы апублікавала спіс арганізацый, якія далучыліся да пілотнай праграмы чатырохдзённага працоўнага тыдня. Прыблізна кожная трэцяя арганізацыя — гэта дзяржаўная ўстанова ці орган мясцовай адміністрацыі. На думку экспертаў і бізнесоўцаў, такія прапорцыі робяць вынікі тэсту неверагоднымі.

— Як можна ацаніць, ці рэальна скараціць працоўны тыдзень у прыватным сектары, калі большасць удзельнікаў пілотнага праекту не працуе ў канкурэнтных умовах і не вырабляе тавараў? — адзначыла, у прыватнасці, прадстаўніца Польскага гаспадарчага таварыства Катажына Камецкая.

Яна таксама нагадала, што фінансаванне праекта ажыццяўляецца за кошт Фонду працы, які напаўняецца ўнёскамі саміх бізнесоўцаў. “Зараз гэта выглядае так, быццам бізнес павінен аплачваць скарачэнне працоўнага часу чыноўнікаў”, — дадала Камецкая.

Беларускае Радыё Рацыя