Па выніках студзеня-лістапада 2024 года фінансавыя паказчыкі беларускіх прадпрыемстваў крыху пагоршыліся. Згодна з данымі, апублікаванымі Нацыянальным статыстычным камітэтам, гэтыя паказчыкі скараціліся на 0,1 працэнтнага пункта.

У прыватнасці, у названым перыядзе рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг склала 7,9 працэнта, а рэнтабельнасць продажаў – 6,5 працэнта. Як вынікае са справаздачы, дэбіторская запазычанасць на 1 снежня складала 79,3 млрд рублёў, у тым ліку амаль 13 працэнтаў складала пратэрмінаваная запазычанасць. Што да крэдыторскай запазычанасці, то яна склала 94,2 млрд рублёў, паведамляюць «Беларусы і рынак».
«Сервалюкс» купіў гарадзенскага вытворцу кармоў «Біякам»
Група кампаній “Сервалюкс”, якая належыць Яўгену Баскіну, закрыла здзелку па куплі гарадзенскага вытворцы кармоў “Біякам”. “Безумоўнай перавагай такога маштабнага аб’яднання (зліцця) з’яўляецца ўмацаванне лідзіруючых пазіцый кампаніі як на ўнутраным рынку, так і на рынках краін блізкага замежжа”, адзначылі ў кампаніі.
Цяпер магутнасці “Сервалюкс” па кармах складаюць 600 тыс. тон камбікармоў, бялковых вітамінна-мінеральных дабавак і прэміксаў у год. Яны размешчаны ў Аршанскім (прадпрыемства «Экамол Агра») і Смалявіцкім (Красназнаменскі камбікормавы завод) раёнах. Магутнасці «Біякома», які заснаваў Андрэй Паўлоўскі, знаходзяцца ў Гародні. Яго комплекс, які ўключае ў сябе, у тым ліку, завод па выпуску кармавых дабавак і заменнікаў малака, разлічаны на штогадовую вытворчасць 250 тыс. тон прадукцыі. У кампаніі таксама ўваходзіць сельскагаспадарчае прадпрыемства ў Зэльвенскім раёне, пішуць «Беларусы і рынак».
Будаўнічую амністыю прадоўжылі на 3 гады
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім на тры гады працягваецца спрошчаны парадак прыёмкі ў эксплуатацыю аднакватэрных жылых дамоў і нежылых пабудоў, збудаваных грамадзянамі без дазволаў і праектнай дакументацыі (за выключэннем размешчаных у Менску).
Заявы аб прыёмцы ў эксплуатацыю такіх пабудоў могуць быць пададзеныя грамадзянамі да 1 студзеня 2028 года. Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам даецца права прымаць у эксплуатацыю названыя аб’екты, пры гэтым яны не будуць прызнавацца самавольнымі. Указ дазволіць узаконіць самавольныя пабудовы, узведзеныя грамадзянамі на зямельных участках, атрыманых імі да 1 верасня 2022 года, піша «Наша Ніва».
Вытворцы алкаголю рыхтуюцца да новых часоў
Найбуйнейшыя вытворцы алкаголю рыхтуюцца да змены культуры піцця на карысць безалкагольных напояў. Спажыўцы ва ўзросце да 30 гадоў купляюць менш алкаголю і п’юць яго радзей. Такія брэнды, як Heineken і AB InBev, прадставілі безалкагольныя прапановы, што павялічыла продажы.
NoLo — гэта новая тэндэнцыя сярод спажыўцоў, у асноўным сярод моладзі пакалення Z і Міленіалаў. Ёсць некалькі прычын для абмежавання спажывання алкаголю, але галоўная з іх — здаровы лад жыцця маладога пакалення. Кава, вада ў бутэльках і гарбата — гэта тыя напоі, якія палякі часцей за ўсё выбіраюць замест алкаголю, паведамляе polskieradio.pl.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: gomselmash.by (прадпрыемства «Гомсмельмаш»).






