Урад Беларусі адсправаздачыўся аб поспехах 2024 года і абвясціў амбіцыйныя планы на 2025 год. Паводле заяў уладаў, чакаецца рост ВУП на 4,1%, даходы беларусаў павялічацца на 4%, інвестыцыі — на 7,8%, а інфляцыя не перавысіць 5%. Але эксперты праекта “Вашы грошы” скептычна ацэньваюць гэтыя прагнозы і ўказваюць на схаваныя пагрозы, піша euroradio.

У канцы 2024 года перасталі расці рэальныя даходы беларусаў. Урад Беларусі прагназуе рост рэальных даходаў на 4% у 2025 годзе. У 2024 годзе яны раслі дзякуючы знешнім фактарам: вайне ва Украіне, ізаляцыі Расеі і дэфіцыту тавараў у ўсходняга суседа.
Аднак эканоміка краіны цалкам залежыць ад РФ, а ўлады будуюць прагнозы не на аб’ектыўных дадзеных, а на ўдачы, лічаць эксперты. Такі падыход не можа лічыцца нармальнай стратэгіяй.
Што датычыцца бізнесу, яго падтрымка залежыць ад працягнення вайны ва Украіне: абаронныя заказы дапамогуць прамысловасці, але іншыя сектары сутыкаюцца з цяжкасцямі.
Урад робіць стаўку на новыя мегапраекты, спадзеючыся на “інвестыцыйны бум”, адзначаюць эканамісты. Аднак эксперты BEROC прагназуюць больш сціплы рост ВУП — 1,7%, а інфляцыю на ўзроўні 7,6%.
Фінансавая залежнасць ад Расеі расце: у 2024–2025 гадах 10% бюджэту Беларусі складаюць беззваротныя датацыі з Масквы, а дэфіцыт бюджэту на 2025 год закладзены на роўні 4,46 млрд рублёў.