Ровень беспрацоўя і сацыяльная няроўнасць у свеце будуць расці – лічаць эксперты Міжнароднай арганізацыі працы. Пры гэтым ёсць вялікая розніца па краінах. У тых з іх, дзе высокі ровень даходаў, доля людзей без працы складае каля васьмі працэнтаў, а ў бедных дзяржавах – 20,5 працэнтаў людзей не маюць працы, але хацелі б яе знайсці.

За бягучы год беспрацоўных у свеце стане больш яшчэ на два мільёны чалавек, таму глабальнае беспрацоўе перавысіць пяць працэнтаў. Да таго ж падзенне роўню жыцця і нізкая вытворчасць працы, разам з перманентнай інфляцыяй прывядуць да яшчэ большай сацыяльнай няроўнасці.
І яшчэ крыху негатыву – у мінулым годзе даходы насельніцтва большасці краін нават “Вялікай дваццаткі” знізіліся і заўважна, асабліва ў Італіі і Бразіліі. А хто можа пахваліцца ростам даходаў людзей? Аказваецца Кітай, Расея і Мексіка, піша myfin.by.
“Збожжавы калідор” у Чорным моры ўрэшце працуе нармальна
Украінскі “збожжавы калідор” у Чорным моры выйшаў на даваенныя магутнасці, распавёў спікер ВМС УСУ Дзмітрый Пляцянчук у эфіры тэлемарафона. На сёння перасечаная мяжа 500 суднаў і больш за 10 мільёнаў тон грузаў. Што важна: пераважная большасць грузаў — гэта збожжа для так званага Глабальнага Поўдня, шматлікім краінам якога без гэтага збожжа пагражае голад.
Але “збожжавы калідор” працуе толькі дзякуючы намаганням украінскага войска і Службы бяспекі, якія метадычна знішчалі і таранілі расейскія караблі ў Чорным моры. Сама Расея яшчэ ў ліпені летась выйшла са “збожжавага пагаднення”, атакавала парты Адэскай вобласці, спрабуючы знішчыць збожжавы і нафтавы тэрміналы.
А вы ведаеце, чаму беларусы любяць Шры-Ланку?
Аказалася, што ў мінулым годзе на Шры-Ланцы адпачыла ўтрая больш беларусаў, чым годам раней. Гэтая выспа ў Паўднёвай Азіі становіцца ўсё больш папулярнай, а таму, калі ў 2022 годзе там грэлася на сонцы 3,6 тысячы беларусаў, то ў 2023 – ужо амаль 11 тысяч.
Прычын росту ахвотных паляцець на Шры-Ланку некалькі. Адна з іх – візавае пытанне. Віза афармляецца па прылёце і каштуе 60 даляраў, а дзецям да 12 гадоў яе ставяць бясплатна. Сезон доўжыцца на востраве з лістапада па канец красавіка, і, да прыкладу, цяпер пуцёўка на тыдзень з адпачынкам у чатырохзоркавым гатэлі са сняданкамі пачынаецца ад 1 тысячы 260 даляраў з чалавека.
Са Шры-Ланкай ёсць адна праблема лагістычнага характару. Прамых рэйсаў з Менска на выспу няма, ляцець можна праз Маскву, Абу-Дабі, Дубай або Доху, паведамляе officelife.
“Бядронка” контратакуе
Гандлёвыя сеткі Biedronka i Hebe у Польшчы могуць пахваліцца самымі вялікімі прыбыткамі за мінулы год з партфелю іспанскага гіганта Jeronimo Martins. І гэта не зважаючы на вострую канкурэнцыю з такімі сеткамі як Dino i Lidl.
Да прыкладу, продажы сеткі Biedronka ў чацвёртым квартале выраслі амаль на 9,5 працэнтаў у злотых і больш як на 17 працэнтаў у еўра, склаўшы 5 мільярдаў 690 мільёнаў еўра. На канец года ў Польшчы працавала больш за 3,5 тысячы “Бедронак”, якія паспяхова рэалізоўваюць план кампаніі па далейшай экспансіі на рынку.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: inbusiness.kz.






