Увесь мінулы год прамысловасць Беларусі працавала з адмоўнай дынамікай. У другім паўгоддзі аб’ём вытворчасці скараціўся на 1,2%, за студзень – яшчэ на 3,4% да ўзроўню студзеня 2025-га. Усяго на складах замарожана тавараў на $4 мільярды. Сёлета ў студзені лічба вырасла яшчэ на 800 мільёнаў рублёў, піша Office Life.

Адмоўныя вынікі ў рабоце прамысловасці звязваюць з эканамічнай сітуацыяй у традыцыйных партнёраў, найперш у Расеі, а таксама з недастатковым засваеннем новых рынкаў у краінах далёкай дугі, у тым ліку ў Афрыцы. Як адзначыў міністр прамысловасці Андрэй Кузняцоў, справа таксама ў няўменні беларусаў сябе прадаваць, таму сёлета будуць рабіць акцэнт на маркетынгу і прэзентацыі айчыннай прадукцыі на новых рынках.
Адкрыццё кампактнай крамы IKEA плануецца ў Беластоку
IKEA абвясціла аб адкрыцці новай крамы ў Беластоку. Крама будзе размешчана ў гандлёвым цэнтры Galeria Zielone Wzgórze, які належыць Carrefour Polska, і стане другой у краіне, якая працуе ў кампактным фармаце. Канцэпцыя прадугледжвае прадастаўленне кліентам поўнага спектру паслуг, вядомых з буйных флагманскіх крам, але ў меншай, аптымізаванай гандлёвай прасторы. Інвестыцыі плануецца завяршыць да канца бягучага года.
Першая крама IKEA ў кампактным фармаце адкрылася ў Бельска-Бялай у мінулым годзе. Паводле слоў прадстаўнікоў брэнда, гэта стала рэакцыяй кампаніі на змяненне чаканняў кліентаў і важнасць даступнасці прадуктаў у гарадах, размешчаных далей ад буйных мегаполісаў. Гэтыя кампактныя месцы дазволяць зручна рабіць пакупкі, афармляць інтэр’еры і атрымліваць кансультацыйныя паслугі бліжэй да дамоў кліентаў – кажуць у кампаніі.
У Маладзечне рыхтуюцца да запуску незвычайнай вытворчасці
У Маладзечне рыхтуюцца да запуску незвычайнай вытворчасці — упершыню тут асвоілі выпуск аквафабы. Гэта інавацыйны парашок з нуту — раслінная альтэрнатыва яйкам, з якога можна прыгатаваць зефір, безэ, маянэз.
Эксперыментальны цэх працуе паўгода. Тут таксама вырабляюць шырокі асартымент кансерваў: ад бабовых у таматным соусе да струковай фасолі і намазак. Пакуль аб’ёмы вытворчасці складаюць каля 20 тысяч адзінак за месяц.
Нафта падаражэла з-за рызыкі канфлікту паміж ЗША і Іранам
Ф’ючарсы на нафту маркі Brent падаражэлі да $72 за барэль. Як лічаць аналітыкі Bloomberg, у гэтым кошце каля $10 складае прэмія за рызыку, якую нафтатрэйдары закладваюць з-за высокай верагоднасці ўзброенага канфлікту ў Іране. Акрамя таго, рынак асцерагаецца скарачэння прытоку расейскай нафты з-за чаканага ўзмацнення жорсткасці санкцый Еўразвязам супраць расейскай нафтавай галіны.
Яшчэ ў снежні цэны на нафту зніжаліся на фоне росту запасаў і актывізацыі мірных перамоў па Украіне. У нейкі момант кошт маркі Brent нават апускаўся ніжэй за $60 за барэль. Але ў 2026 годзе рынак змяніўся. Цяпер нафта каштуе прыкладна на 18% даражэй, чым у канцы мінулага года.
Беларускае Радыё Рацыя






