У Клайпедзе, верагодна, затрымаліся некалькі тысяч аўтамабіляў з ЗША, якія купілі жыхары Беларусі. Нібыта іх уладальнікі не могуць гарантаваць, што машыны ў абыход санкцый не апынуцца ў Расеі.
З лета немагчыма вывезці з Клайпедскага порта машыны з ЗША, якія там знаходзяцца. Нібыта гаворка ідзе пра 4000 аўтамабіляў. Літоўская мытня нагадвае, што з 3 чэрвеня пры перавозцы машын не старэйшых за 5 гадоў, неабходна прад’явіць дэкларацыю вытворцы – дакумент, які гарантуе, што здзелка не будзе выкарыстана для абыходу санкцый. Беларусы таксама скардзяцца, што за стаянку машын у Клайпедзе ім даводзіцца плаціць ад 5 да 20 еўра за дзень.
Кантроль за транзітам аўтамабіляў праз Літву быў уведзены пасля таго, як стала вядома, што гэты маршрут пачалі выкарыстоўваць для дастаўкі машын у Расею ў абыход санкцый. (паводле Delfi)
Перавозчыкі прапануюць увесці «чорныя спісы» пасажыраў
Міжрэгіянальная асацыяцыя перавозчыкаў прапануе стварыць у Беларусі «чорныя спісы» пасажыраў. У іх могуць трапіць дэбашыры і тыя, хто браніруе квіток, але рэгулярна не прыходзіць на пасадку, паведамляецца на сайце асацыяцыі.
Сёння стварэнне «чорнага спісу» перавозчыкам або сістэмай па продажы квіткоў незаконнае. Калі квіток ёсць у продажы, то адмовіць каму-небудзь у ягонай куплі нельга. Пры гэтым пасажыр абавязаны не ствараць нязручнасцяў іншым пасажырам і кіроўцу, адцягваць увагу апошняга ад кіравання транспартам. Аднак, па словах перавозчыкаў, некаторыя пасажыры сваімі паводзінамі ледзь не зрываюць рэйсы, паколькі падчас іх паводзяць сябе неадэкватна. Праблему ствараюць і такія пасажыры, якія праз дыстанцыйныя сэрвісы браніруюць квіткі, але пасля на замоўленыя рэйсы не з’яўляюцца.
У Польшчы не хапае 16 тысяч настаўнікаў. Колькі зарабляе настаўнік?
Новы навучальны год распачалі ў Польшчы 6 млн вучняў і 700 тысяч настаўнікаў. Новы ўрад павысіў настаўнікам базавую зарплату на 33%. Яна складае цяпер 5 тысяч злотых брута.
– У сярэднім заробак малодшага настаўніка ў Польшчы складае 6 тысяч 350 злотых (1450 еўра) брута (чыстымі атрымліваецца 1070 еўра).
– Настаўнік другой ступені (nauczyciel mianowany) – зарабляе 7 456 злотых брута (1750 еўра) (чыстымі 1300 еўра).
– Настаўнік трэцяй ступені (nauczyciel dyplomowany) з самай вялікай практыкай атрымлівае 9 500 тысяч (2225 еўра) (чыстымі – 1600 еўра).
У польскіх школах не хапае 16 тысяч настаўнікаў, найбольш па ўроках інфарматыкі, матэматыкі, фізікі і англійскай мовы. (polskieradio.pl)
Беларускае Радыё Рацыя