BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Што з беларускім портам у Мурманскай вобласці?

Дакументаў, неабходных для будаўніцтва беларускага порта ў Мурманскай вобласці Расеі, пакуль няма. Да прыкладу, праектную дакументацыю плануюць падрыхтаваць толькі да канца наступнага года. Пра гэта пішуць расейскія СМІ, паводле якіх надалей працягваецца абмеркаванне размяшчэння порта і робяцца разлікі. Сярод магчымых варыянтаў называецца Далёкі Усход, Санкт-Пецярбург, разглядаецца магчымасць рачной перавозкі грузаў.

Фота ілюстрацыйнае: РБК (порт у Мурманску)
Фота ілюстрацыйнае: РБК (порт у Мурманску)

Раней заяўлялася, што беларускі порт у Мурманску пачне дзейнічаць ужо ў 2028 годзе. Праз яго планавалася пастаўляць беларускія тавары на новыя рынкі пасля таго, як для Беларусі ў выніку санкцый былі закрытыя парты краін Балтыі, піша выданне “Беларусы і рынак”.

Польскі ZUS правядзе інфармацыйную сустрэчу для беларусаў

У Варшаве адбудзецца інфармацыйная сустрэча з прадстаўнікамі польскай Установы сацыяльнага страхавання (ZUS). Падзея адбудзецца дзякуючы дамоўленасці палітыка Паўла Латушкі з польскім Міністэрствам сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі і ZUS. Пытанні для сустрэчы збіраліся праз чат-бот НАУ (@nau_by_bot). Яны датычацца пенсій, сацыяльных выплат, падтрымкі дзяцей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Сустрэча адбудзецца 28 лістапада з 10:00 да 12:00 у Інспектараце ZUS раёна Praga-Północ. Будзе забяспечаны пераклад.

Землі ў трох раёнах Беларусі выключылі са спісу небяспечных

Урад выключыў зямельныя ўчасткі ў Веткаўскім, Жлобінскім і Чачэрскім раёнах Гомельскай вобласці агульнай плошчай больш як 875 га з пераліку радыяцыйна небяспечных зямель. Як вынікае з дакумента, апублікаванага на партале Pravo.by, зараз іх перададуць мясцовым сельгасвытворцам. Мінсельгасхарч будзе кантраляваць выкарыстанне гэтых участкаў у адпаведнасці з заключэннем экспертаў. А ўся прадукцыя, якая вырабляецца на іх, будзе праходзіць кантроль на радыеактыўнае забруджванне.

У 2024 годзе ў МНС расказалі, што з-за наступстваў аварыі на ЧАЭС на 248,8 тыс. га зямель у Беларусі немагчыма або абмежавана вытворчасць чыстай прадукцыі.

Польшча і Чэхія — лідары па тэмпах адмовы ад расейскага газу

Польшча і Чэхія сёння з’яўляюцца лідарамі Еўрапейскага звязу ў справе поўнай адмовы ад паставак расейскага газу. Пра гэта пасля сустрэчы з прэзідэнтам Чэхіі Пэтрам Паўлам заявіў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі.  Наўроцкі падкрэсліў, што працэс энергетычнай незалежнасці, які Польшча і Чэхія ўжо прайшлі, чакае і іншыя краіны ЕЗ. Прэзідэнт Польшчы таксама паведаміў, што прапанаваў  чэшскаму калегу мадэль, паводле якой у найбліжэйшыя гады, а магчыма і дзесяцігоддзе, Польшча здольная будзе  стаць энергетычным хабам для распаўсюджвання газу LNG у рэгіёне.

Беларускае Радыё Рацыя