«Супраць Расеі, Беларусі, Кубы і Паўночнай Карэі не былі ўведзены ўзаемныя пошліны ЗША, паколькі гэтыя краіны «ужо сутыкаюцца з надзвычай высокімі тарыфамі, а нашы раней уведзеныя санкцыі перашкаджаюць любой значнай гандлёвай дзейнасці з гэтымі краінамі», — растлумачыла The New York Times крыніца ў Белым доме.

Фота: Mark Schiefelbein/Copyright 2025 The AP
Прыгадаем, што 2 красавіка Дональд Трамп абвясціў «Днём вызвалення» Амерыкі і паведаміў, што ўводзіць нечуваныя з пачатку мінулага стагоддзя татальныя тарыфы на імпарт тавараў у ЗША. Трамп лічыць, што гандлёвыя бар’еры прымусяць сяброў і ворагаў пайсці яму на ўступкі — фінансавыя і тэрытарыяльныя. Эканамісты папярэджваюць, што цяпер жыць будзе цяжэй усім, у тым ліку амерыканцам, якія і заплацяць уведзены Трампам падатак на імпарт. Ужо цяпер эканамісты прыкідваюць, што сярэдні падатак на імпартныя тавары ў ЗША вырасце да 10—15% з цяперашніх 3—4%.
Беларуская кампанія зоймецца рэканструкцыяй метро ў Тбілісі
Завяршэннем рэканструкцыі станцыі метро “Варкецілі” ў Тбілісі зоймецца беларуская кампанія ProBuild Expert, паведаміў кіраўнік грузінскай сталіцы Каха Каладзэ. Пагадненне з кампаніяй ужо заключанае. Сума кантракта не называецца. Каладзэ паведаміў, што гаворка ідзе пра рэканструкцыю станцыі, дзе “дах на платформе абрынуўся яшчэ ў 2018 годзе”. «Асноўнай прычынай затрымкі ў рэкаструкцыі з’яўляецца недастатковы досвед і кваліфікацыя мясцовых кампаній у сферы падземнага транспарту», — дадаў Каладзэ.
Улады Тбілісі разлічваюць, што з удзелам беларускай кампаніі рэканструкцыя завершыцца ў верасні гэтага года. Як заўважае «Позірк», гэта не першы аб’ект ProBuild Expert у Грузіі. На сайце кампаніі пазначана, што раней праводзіліся працы па гасцінічных комплексах у Актале, Баржомі і Базалеці.
Якія цяпер правілы ўвозу алкаголю ў Беларусь?
Падчас перасячэння граніцы Беларусі дзейнічаюць пэўныя правілы адносна ўвозу алкагольных напояў. Так, увозіць алкаголь у краіну можна не часцей аднаго разу ў тыдзень. Пра гэта нагадвае прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.
Кожны дарослы мае права правезці да 3 літраў алкаголю з утрыманнем спірту больш за 0,5% без выплаты пошлін. Калі вы возьмеце больш за гэтую норму, то давядзецца заплаціць мытныя пошліны: 10 еўра за кожны літр звыш устаноўленага ліміту. Таксама варта памятаць, што ўвозіць больш за 5 літраў алкаголю фізічным асобам у Беларусь забаронена.
Магілёўскія вучэльні паціху падымаюць цэны на навучанне
Магілёўскія ССНУ цішком узнімаюць кошт навучання. У Магілёўскім гандлёвым каледжы з 1 красавіка цэны выраслі на 16%.
Магілёўскі гандлёвы каледж з’яўляецца філіялам Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі. Сярэднюю спецыяльную адукацыю ў ёй можна атрымаць па пяці спецыяльнасцях – у лагістыцы, правазнаўстве, банкаўскай сферы, маркетынгу, грамадскім харчаванні. 1 красавіка за навучанне давядзецца плаціць 290 рублёў у месяц (3480 руб у год) замест ранейшых 250 руб. Гэта прадугледжана загадам дырэктара філіяла ад 21 сакавіка. Павышэнне цэн абумоўлена недапушчэннем стратнасці адукацыйных паслуг на платнай аснове, піша тг MAYDAY.
Беларускае Радыё Рацыя.






