BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сусветны банк расказаў, каму больш за ўсё завінавацілася Беларусь

У 2023 годзе знешні дзяржаўны доўг Беларусі складаў амаль 15,47 млрд даляраў. Гэта вынікае з даных Сусветнага банка.

Амаль палову сумы Менск вінаваты быў Маскве. Агульныя даўгі Беларусі на 2023 год, паводле звестак Сусветнага банка, дасягалі 24,95 млрд даляраў, знізіўшыся на 12% у параўнанні з 2022 годам. Яны ўключаюць запазычанасць не толькі дзяржавы, але і даўгі, гарантаваныя і негарантаваныя ўрадам.

Найбуйнейшым крэдыторам Беларусі была Расія. Запазычанасць перад ёй складала амаль 7,75 млрд даляраў. Другім крэдыторам сталі трымальнікі аблігацый, трэці крэдытор – Еўразійскі банк развіцця, далей ідуць Кітай і Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця.

Пры гэтым у 2025 годзе беларускаму ўраду трэба будзе выплаціць па дзяржаўным доўгу буйную суму – каля 15 млрд рублёў. На думку экспертаў, гэтыя выплаты нясуць у сабе пэўныя рызыкі пераважна палітычныя.

Беларусь тэсціруе новы маршрут для дастаўкі грузаў у Іран

Таварыства з абмежаванай адказнасцю “ФРЭЙТ БАЙ” запусціла ў тэставым рэжыме новую схему грузавых перавозак з Беларусі ў Іран праз Каспійскае мора і Астрахань. Пра гэта карэспандэнту Office Life паведаміў намеснік дырэктара кампаніі Яраслаў Собалеў.

Аб’ёмы перавозак пакуль невялікія. Цяпер схема дастаўкі яшчэ прапрацоўваецца, вядуцца перамовы з іранскім перавозчыкам адносна кошту яго паслуг, адзначыў Собалеў. Паводле яго, дастаўка грузаў па новым маршруце займае каля трох тыдняў. Пры экспарце з Беларусі тавар на фуры вязуць у Астраханскі порт, там ён перагружаецца ў кантэйнер і адтуль едзе ў іранскі порт Энзелі. Па словах топ-мэнэджара, новая схема дазволіць істотна эканоміць час на перавозку грузаў у параўнанні з альтэрнатыўнай, калі тавары дастаўляюцца па моры з Санкт-Пецярбурга і Наварасійска ў паўднёвы порт Ірана.

Прадпрыемствы з беларускімі каранямі сярод найлепшых у Польшчы

Рэйтынг на аснове выручкі за 2023 год склала адно з вядучых выданняў Польшчы «Rzeczpospolita», а ў выданні «Беларусы і рынак» знайшлі ў ім кампаніі, уладальнікамі якіх з’яўляюцца беларусы.

Гаворка ідзе пра Спіс 2000 (Lista 2000), у які ўнесены самыя лепшыя кампаніі па выручцы. Згодна з ім, 365-е месца ў EPAM Systems (Poland). У 2023 годзе продажы IT-кампаніі, якую стварыў і ўзначальвае Аркадзь Добкін, склалі амаль 450 млн еўра.

1131-е месца ў рэйтынгу заняла кампанія берасцейцаў Уладзіміра і Максіма Стаецкіх – E100 Power Max. Яна развівае сетку АЗС Е100 у Еўропе.

Трэцяй кампаніяй у Спісе, да якой маюць дачыненне беларусы, стала транспартная кампанія Tels Global Polska. Гэта адно з падраздзяленняў міжнароднай групы, якую стварылі беларусы Уладзімір Таянка і Іван Шаховіч. Яе выручка складае амаль 165 млн еўра.

Лідарам рэйтынгу Спіс 2000 традыцыйна застаўся нафтагазавы канцэрн Orlen, аб’ём выручкі якога за 2023 год склаў 76,9 млрд еўра.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц