У ліпені сусветныя цэны на прадукты харчавання заставаліся на 3% ніжэй, чым у аналагічным месяцы 2023 года, і амаль на 25% ніжэй за пікавы ўзровень 160,3 пункта, дасягнутага ў сакавіку 2022 года. Пра гэта паведамляе Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя Аб’яднаных Нацый (FAO).
Паводле ацэнкі FAO, базавы паказчык сусветных цэн на прадукты харчавання ў цэлым не змяніўся другі месяц запар, паколькі рост цэн на алей, мяса і цукар кампенсаваў падзенне цэн на збожжавыя. У кантрактах на куплю збожжавых кошты зменшыліся прыкладна на 3,8% да чэрвеня. Гэтую тэндэнцыю падтрымліваюць добрыя віды на ўраджай пшаніцы ў Канадзе і ЗША. Да таго ж Аргенціна і Бразілія знізілі экспартныя кошты на кукурузу. Прыкладна на 2,4% ўпалі цэны на ўвесь рыс.
А вось цана на алей павялічылася на тыя ж 2,4 працэнта з чэрвеня, дасягнуўшы паўтарагадовага максімуму. Каціроўкі на пальмавае, соевае, сланечнікавы і рапсавы алей выраслі з-за ўстойлівага попыту. З аднаго боку, сектар біяпаліва актыўна закупляе соевы алей, з другога – пагоршыўся прагноз па ўраджаю сланечнікавага і рапсавага алеяў у асноўных краінах-вытворцах.
Цэны на мяса выраслі на 1,2%, рэагуючы на попыт на бараніну, ялавічыну і мяса птушкі. Пры гэтым кошты на свініну нязначна знізіліся з-за лішку прапановы ў Заходняй Еўропе. Цукар падаражэў на 0,7% да чэрвеня з-за ніжэйшай, чым чакалася, вытворчасці ў Бразіліі.
Індэкс цэны на малочныя прадукты не змяніўся, бо зніжэнне каціровак на сухое малако было кампенсавана падаражэннем масла і сыру. (officelife.media)