BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Татарстан мае намер аднавіць працу свайго прадстаўніцтва ў Беларусі

Сёлета плануецца аднавіць працу прадстаўніцтва Татарстана ў Беларусі, заявіў у Казані першы намеснік міністра прамысловасці і гандлю Расеі Радзівон Карпаў. Паводле яго слоў, Беларусь з’яўляецца “адным з галоўных партнёраў” Расеі ў сферы гандлю.

Прадстаўніцтва гэтага расейскага рэгіёну ў Менску было адкрытае ў 2002 годзе. Нягледзячы на тое, што афіцыйна Казань яго не закрывала, у 2022 годзе яно спыніла працу. 21 лютага на сустрэчы ў Татарстане з кіраўніком рэспублікі Рустамам Мініханавым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што “знешнія абставіны” Беларусь і Расею “штурхнулі бліжэй адзін да аднаго”. Паводле яго слоў, Татарстан — самы развіты, высокатэхналагічны рэгіён РФ з сур’ёзным узроўнем прамысловасці. (“Позірк”)

Усе райцэнтры Гомельшчыны засталіся без дзяжурных аптэк

Ні ў адным з райцэнтраў Гомельшчыны няма дзяжурнай кругласутачнай аптэкі, піша “Флагшток”. Выданне звярнула ўвагу на чат Жлобінскага райвыканкама. Адзін з карыстальнікаў напісаў пра адсутнасць такой аптэкі ў 80-тысячным горадзе і атрымаў больш за 450 рэакцый падтрымкі. Сэрвіс 103.BY паказвае толькі дзве аптэкі ў Гомельскай вобласці, якія працуюць 24 гадзіны — у Гомелі і Светлагорску. Але гэтая інфармацыя ўжо неактуальная: аптэка “Востраў здароўя” у Светлагорску ўжо не працуе кругласутачна.

Мяркуючы па паведамленні ў чаце, праблема палягае ў рэнтабельнасці працы аптэчных сетак і змене іх уласнікаў. Работнікі аптэк кажуць, што іх праца стала стратнай пасля таго, як у Беларусі абмежавалі рознічныя надбаўкі ў адпаведнасці з указам Лукашэнкі №366. Да таго ж са студзеня быў уведзены 10% ПДВ на лекавыя сродкі. Пры гэтым цэны на частку лекаў улады забаранілі павышаць. У выніку гэты падатак мелі плаціць аптэкі.

Праходзіць выпрабаванні першы беларускі беспілотны трактар

Першы ў Беларусі беспілотны трактар перадалі для навуковых даследаванняў у Берасцейскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, паведаміла прэс-служба Міністэрства адукацыі. «Інавацыйная распрацоўка Менскага трактарнага завода перададзена для правядзення навуковых даследаванняў, што будзе спрыяць павышэнню якасці і эфектыўнасці падрыхтоўкі кадраў для АПК у рамках рэалізацыі канцэпцыі «Індустрыя 4.0», — гаворыцца ў паведамленні.

Адной з першых практычных задач называецца “распрацоўка праграмнага забеспячэння для распазнання рухомых і нерухомых аб’ектаў пры выкананні сельскагаспадарчых работ”. (“Наша Ніва”)

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: tatar-inform.ru (Радзівон Карпаў).