Дарадца-пасланнік пасольства Расеі ў Беларусі Пётр Фралоў ацаніў аб’ём тавараабароту паміж краінамі.

– Цяпер кажуць пра тое, што ў нас дзесьці ў раёне $60 млрд. Думаю, мы столь гэту праб’ём, зноў выйдзем на чарговы рэкордны ўзровень.
У 2023-м аб’ём тавараабароту паміж Беларуссю і Расея склаў $53 млрд, у 2022-м — $50 млрд, у 2021-м — $40 млрд. Такія лічбы даюць беларускія чыноўнікі (расейскія агучваюць крыху меншыя). Калі Белстат расказваў пра тавараабарот за першае паўгоддзе 2024-га, то адзначаў, што практычна 97% экспарту ў Расею — прадукцыя апрацоўчай прамысловасці. (НН)
Беларусь адстае па паказчыках у ЕАЭС
Па выніках студзеня — снежня 2024 года Беларусь была на другім месцы ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) па трох з сямі асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыкаў, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных статыстычнага агляду Еўразійскай эканамічнай камісіі. Пяты месяц запар у краіны няма лідзіруючых пазіцый. Гэта кантрастуе са становішчам Беларусі па выніках сямі месяцаў 2024 года, калі яна была на першым месцы па двух паказчыках.
ЕАЭС — арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасцю. Яе паўнапраўнымі чальцамі з’яўляюцца Беларусь, Казахстан і Расея, а таксама Арменія і Кыргызстан.
Як захаваць працоўную сілу ў малых населеных пунктах?
Для захавання кадраў у рэгіёне ўрад Беларусі стымулюе развіццё жыллёвага будаўніцтва ў населеных пунктах да 20 тысяч жыхароў і забеспячэнне жыллём іх чаргавікоў.
Як піша “Беларусы і рынак”, значна павялічаны максімальны памер для аказання дзяржаўнай падтрымкі ў населеных пунктах да 20 тыс. жыхароў. Цяпер ён складае 1968 рублёў на 1 тысячу квадратных метраў. Розніца з папярэднім нарматывам, якая складае 717 рублёў на квадрат, дазволіць не толькі павялічыць памер дзяржаўнай падтрымкі грамадзян пры набыцці жылля і яго будаўніцтве, але і павысіць яго даступнасць.
Можна накіраваць 1,5% сваіх падаткаў на дабрачыннасць
У Польшчы да 1,5% падаткаў можна накіраваць на дабрачыннасць. Пры гэтым не мае розніцы, па якой умове вы працуеце: калі вы плаціце падатак, яго частку можна накіраваць на дапамогу іншым. Гэта не накладае на вас ніякіх дадатковых выдаткаў.
Менавіта куды іх накіраваць, выбірае ці сам працаўнік, ці мясцовая падатковая служба (калі чалавек сам не пазначыў). Гэтыя грошы могуць быць накіраваныя на дапамогу жывёлам, хворым дзецям, валанцёрам, фондам дабрачыннасці, мясцовым спартыўным клубам, навучальным установам і г.д., а таксама беларускім ініцыятывам у Польшчы.
У Варшаве і Гданьску цэны на жыллё – самыя высокія
Эксперты Польскага эканамічнага інстытута чакаюць, што цэны на жыллё ў бліжэйшыя месяцы стабілізуюцца. Пры гэтым тэмпы росту кошту жылля ў буйных польскіх гарадах – сярод самых высокіх у рэгіёне. «У Варшаве і Гданьску рост цэн на кватэры падобны да росту ў чэшскіх гарадах Прага і Брно, дзе цэны на кватэры з’яўляюцца самымі высокімі ў рэгіёне», — падлічылі эксперты. Безумоўна, самым дарагім буйным горадам у чацвёртым квартале 2024 года стала Прага, дзе сярэдні кошт квадратнага метра склаў 5600 еўра, у Брно 4,6 тыс. еўра, а ў Варшаве – 4,3 тыс. еўра.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: pixabay.com






