BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Тавары, цэны на якія перастануць рэгуляваць

Пералік тавараў, на якія рэгулююць цэны, скарацілі на 120 пазіцый. Office Life склаў спіс самых папулярных тавараў, цэны на якія цяпер будуць свабоднымі. Да прыкладу, глянем на прадукты, бо больш за ўсё з пераліку тавараў, на якія рэгулююць цэны, выкраслена менавіта прадуктаў.

Так, з яго выключылі мясныя катлеты, а таксама піражкі, чабурэкі, бліны і варэнікі з тварагом. Сярод такіх тавараў таксама вяршкі з каровінага малака і плаўленыя сыры. Не будуць рэгуляваць цэны і на некаторыя слодычы напрыклад, на халву, тарты, пірожныя, какосавы парашок, а таксама на сухары і сушкі. Што тычыцца гародніны, выкраслены баклажаны, кроп, пятрушка, салата. А па садавіне — ківі, персікі, нектарыны, сухафрукты.

У Менску запускаюць сэрвіс з хатняй ежай

Сырнікі на сняданак «як у мамы», дранікі з мачанкай на абед «як у бабулі». Трое айцішнікаў разам запускаюць стартап shlp.by па дастаўцы хатняй ежы і завяршылі тэставы перыяд, піша Devby.io.

Ідэя такая: адны беларусы гатуюць і дастаўляюць смачную ежу, іншыя могуць яе замовіць (Google Play, App Store). Ужо можна рабіць замовы, аднак «кухняў» — так каманда называе тых, хто гатуе на іх платформе — пакуль няшмат, а зоны дастаўкі па раёнах абмежаваныя. Цяпер распрацоўшчыкі прыцягваюць «кухні» і просяць расказаць пра ініцыятыву знаёмым у Менску. «Кухні» працуюць на сябе, яны самі дастаўляюць ежу (бясплатна) — замаўляючы ў іх, можна падтрымаць рублём суседзяў.

У шэрагу беларускіх рэгіёнаў даражэе праезд

Праезд у грамадскім транспарце Менска, Берасцейскай і Гарадзенскай абласцей таксама падаражэе. Так, у Менску праезд у грамадскім транспарце і правоз багажу даражэе на 10 капеек. У наземным транспарце за адну паездку давядзецца заплаціць 95 капеек, у метро — 1 рубель. Таксама ў Менску памяняюцца і віды праязных білетаў. Цяпер тут будуць білеты на 1 суткі і 3 сутак — яны называюцца турыстычнымі. Праязных на 20, 50 і 100 паездак больш не будзе.

У Берасцейскай і Гарадзенскай абласцях праезд у грамадскім транспарце таксама даражэе на 10 капеек: білеты на адну паездку будуць каштаваць 90 капеек. Раней падаражэў праезд у грамадскім транспарце Менскай і Магілёўскай абласцей.

Сярэдні заробак для многіх палякаў – недасягальны

Паводле апошніх звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, палова працаўнікоў польскай гаспадаркі ў кастрычніку 2024 года зарабляла, як мінімум, 1 644 еўра (6 856 злотых), а другая палова – не больш, чым згаданая сума. Гэта, так званая, медыяна, якая лепш адлюстроўвае размеркаванне заробкаў, чым сярэдняя арыфметычная. Гэта паказвае, што адносна невялікая група супрацоўнікаў у Польшчы сапраўды атрымлівае сярэдні заробак.

Між тым, медыяна паказвае адрозненні ў зарплаце ў залежнасці ад полу – для мужчын згаданы паказчык на амаль 79 еўра вышэйшы, чым у выпадку жанчын, піша polskieradio.pl.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: Depositphotos