BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Тэхнабанк перастае вяртаць грошы па Tax Free

Беларусы больш не могуць вяртаць у Беларусі грошы за пакупкі за мяжой, аформленыя па сістэме Tax Free Global Blue, як гэта было раней. Кліентам, якія раней карысталіся паслугамі Global Blue, разаслалі па пошце паведамленні, што вяртанне Tax Free праз аддзяленні Тэхнабанка, які быў беларускім аператарам сэрвісу, будзе недаступнае. Прыпыненне выплат тлумачаць зменамі ў аперацыйных працэсах.

Фота ілюстрацыйнае: restlords.com/pl/tax-free
Фота ілюстрацыйнае: restlords.com/pl/tax-free

Як і раней, грошы можна вярнуць на банкаўскую картку (калі гэта магчыма з улікам санкцыйных абмежаванняў для вашага банка), або наяўнымі ў аэрапорце, або ў офісах Global Blue пры наступнай паездцы за мяжу. Зрэшты, некаторыя падарожнікі могуць вяртаць падатак на даданую вартасць і непасрэдна ў крамах — але калі крама зарэгістраваная ў сістэме VAT Refund.

Белстат назваў сярэдні заробак у жніўні

Сярэдні заробак у жніўні склаў  2762,7 рубля. У параўнанні з ліпенем ён знізіўся на 9,7 рубля і, калі браць сярэдні курс даляра за жнівень, складае 926 даляраў. Пасля выліку падаткаў і збораў заробак складае 2376 рублёў, або 796,4 даляра.

У Барысаве збіраюцца выпякаць фіялетавы хлеб

У Беларусі рыхтуюцца да выпякання фіялетавага хлеба, які прэзентуецца як інавацыя ў харчовай прамысловасці. Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў ужо засеяў участак фіялетавай пшаніцы і плануе ў наступным годзе даць гатовы прадукт пакупнікам.

Асноўная асаблівасць такога хлеба не толькі ў колеры: фіялетавая пшаніца багатая на антацыян — прыродны антыаксідант. Ён аказвае карыснае ўздзеянне на арганізм: дапамагае прадухіляць сардэчна-сасудзістыя захворванні, паляпшае зрок, падтрымлівае імунітэт і агульнае здароўе. Такім чынам, гэты хлеб спалучае эстэтычную арыгінальнасць і карысныя ўласцівасці, піша “Наша Ніва”.

Пастаўлялі аўтамабілі ў абыход санкцый і трапілі за краты

Польскія праваахоўнікі выкрылі злачынную групу, якая пастаўляла ў Беларусь і Расею аўтамабілі класа люкс у абыход санкцый. Пра гэта паведаміла Цэнтральнае следчае бюро паліцыі Польшчы.

Паліцэйскія затрымалі 20 чалавек. Згодна з папярэднім расследаваннем, група дзейнічала ў Польшчы, Чэхіі, Літве, Германіі і іншых краінах Еўразвязу з 2021 па 2025 год. За гэты час яны пераправілі ў Беларусь і Расею каля 600 люксавых аўтамабіляў, у прыватнасці, марак BMW, Mercedes, Porsche, Lexus і Range Rover. Затрыманыя не толькі парушалі еўрапейскія санкцыі, але і атрымалі неабгрунтаваную кампенсацыю ПДВ на суму больш за 40 млн злотых, піша Беларуская служба Польскага радыё.

Беларускае Радыё Рацыя.