BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Тэхнічны флот пачалі будаваць у Беларусі

Прадпрыемства “Віцебск-водтранс” засвоіла будаўніцтва тэхнічнага флоту: прадпрыемства ў нядзелю, 6 ліпеня, спусціла на ваду новае судна для выканання пуцявых работ, піша Office Life.

Гэта цеплаход, які абсталяваны сучаснай сістэмай аўтаматызацыі абслугоўвання навігацыйных знакаў на рацэ. Раней такія работы выконваліся ўручную. Акрамя таго, судна мае чатыры каюты, кухню, сістэму ацяплення і падагрэву вады, а таксама санітарныя памяшканні.

Кошт будаўніцтва цеплахода – паўтара мільёны рублёў, і гэта ў пяць разоў танней, чым за набыццё такога судна за граніцай.

Пад Лёзнам будуюць новую кандытарскую фабрыку

У Лёзненскім раёне Віцебшчыны будуецца новая кандытарская фабрыка —«Камунарка-Лёзна», на якой будуць вырабляць інавацыйныя малочныя цукеркі — прэсаваныя ласункі на аснове сухога малака, а таксама малочныя снэкі-пасцілкі.

Тым часам бабруйскае прадпрыемства «Чырвоны харчавік» рыхтуецца запусціць новую лінію для вырабу дражэ. Менскі маргарынавы завод мадэрнізуе свае вытворчыя магутнасці, каб вырабляць якасныя тлушчы для кандытарскай вытворчасці, якія цяпер закупляюць за мяжой. Новая лінія будзе выпрацоўваць 50 тон у суткі. Акрамя таго, на прадпрыемстве «Чырвоны мазыранін» адкрылася новая лінія для вытворчасці ірысу. Цяпер завод зможа вырабляць 440 тон ірысу на год пры адной змене — раней было 175 тон. Выпускаюцца цукеркі з сямю рознымі смакамі, а таксама казінакі.

Цэны на фундук падскочылі на 30% з-за неўраджаю

З-за вясновых замаразкаў цэны на фундук у Турцыі з красавіка па ліпень выраслі на 20-30%. Праблема ў тым, што на гэтую краіну прыпадае каля 65% сусветнай вытворчасці фундуку. Значная яго частка выкарыстоўваецца ў вытворчасці шакаладнай пасты і іншых прысмакаў, піша Office Life са спасылкай на Bloomberg.

Найбуйнейшыя экспарцёры Турцыі ацэньваюць зніжэнне вытворчасці ў бягучым годзе як мінімум на 20%, да 609 тысяч тон. Ёсць ацэнкі, што з-за спекуляцыйнага попыту цэны на сыравіну да наступнага года могуць вырасці ў некалькі разоў. Альтэрнатыўныя пастаўкі з Італіі, ЗША і Чылі не змогуць цалкам кампенсаваць зніжэнне ўраджаю ў Турцыі, паколькі ў гэтых краінах пераважаюць дробныя вытворцы з невялікімі аб’ёмамі.


Польшча — лідар па цане на газ

Польшча мае найвышэйшыя аптовыя цэны на прыродны газ у свеце. Згодна з дакладам International Gas Union, аптовыя цэны на газ у Польшчы перавышалі 15 даляраў за брытанскую цеплавую адзінку (гэта ўніверсальны паказчык). Далей па кошце газу ідуць Чэхія, Аўстрыя і Германія. Для параўнання: у ЗША газ амаль у 7 разоў таннейшы, чым у Польшчы, — пішуць на партале energetyka24.com.

Агулам Еўропа захоўвае лідарства па дарагавізне газу. Высокія еўрапейскія тарыфы — вынік адмовы ад танных расейскіх паставак. Пасля адключэння ад расейскага газу і зніжэння запасаў, попыт перавысіў магчымасці рынку.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: vitbichi.by