BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Тэма дня “Мінуў тыдзень” 

Сталася вядомым з інфармацыі Белстату, што цягам мінулага году колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі скарацілася больш як на 10 000 чалавек.

Больш за дваццаць гадоў змагаецца Лукашэнка з «вшывымі блохамі», так ён кліча дробных прыватных прадпрымальнікаў. А яны ўсё не пераводзяцца. Бо прыватная ўласнасць, прыватная гаспадарчая дзейнасць – у крыві чалавека.

Колькі дэспатычныя рэжымы ні змагаюцца з базавымі, як бы цяпер сказалі – заводскімі, наладкамі чалавека, ідэалогія прайграе прыродзе. Нават у камуністычным Кітаі ў свой час зразумелі, што варта камбінаваць інтарэсы клану – Партыі, і людзей. Таму там цяпер камуністычны капіталізм, як бы парадаксальна гэта не гучала.

Што да беларускай статыстыкі, пачытаць інтэрнэт-пляцоўкі беларусаў Польшчы, дык такое адчуванне, што тыя дзесяць тысяч зніклых прадпрымальнікаў актыўна вывучаюць польскае эканамічнае заканадаўства.

________________________________

Грамадзяніна Беларусі затрымалі ўлады Арменіі 2-га лютага. Яраслаў Новікаў ехаў з Грузіі ў Арменію, каб падацца на візу адной з еўрапейскіх краінаў.

У Беларусі Яраслава пераследавалі за ўхіленне ад службы ў войску. Гэта асобная тэма на колькі этычна сёння служыць у войску, якое сваіх грамадзянаў не абараняе, затое вісіць дамоклавым мячом над паўночнай мяжой Украіны, дый па дакументах ёсць саюзнікам агрэсара сусветнага маштабу – Расеяй і яе войскам.

Што да Арменіі, у гэтай краіне ўжо затрымлівалі беларуса, якому на радзіме лукашысты далі крымінальны артыкул за абразу Лукашэнкі. У Арменіі такіх артыкулаў няма, хлопца выпусцілі, але каб вывезці за мяжу, праваабаронцам давялося шмат папрацаваць.

А ўсё таму што Арменія пакуль што ў агульнай юрыдычнай прасторы з Расеяй і Беларуссю. Мае супольную базу невыязных, таму хоча – не хоча, але мусіць рэагаваць на запыты лукашэнкаўскай і пуцінскай дыктатураў.

________________________________

На мінулым тыдні ўдзельнікі гурту «Би-2» выехалі з Тайланду ў Ізраіль. Па віне арганізатара не было аплачанае гастрольнае пасведчанне, музыканты трапілі ў паліцыю за парушэнне заканадаўства. За сітуацыю ўхапіліся крамлёўскія дыпламаты, якія настойліва патрабавалі выдаць «Би-2» у Расею, бо ва ўсіх былі альбо падвойнае грамадзянства, альбо толькі расейскае.

А «Би-2» адзначыліся тым, што ў свой час падтрымалі Беларускую рэвалюцыю, а пазней асудзілі шырокамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну.

Гісторыя гэтых музыкантаў важная для беларусаў не толькі таму, што заснавальнікі гурту паходзяць з Бабруйску, дзе і пачалі граць у 1988 годзе.

Першая выснова – «трэція краіны» часта не вызначыліся на чыім яны баку ў сусветным супрацьстаянні дэмакратыі супраць дэспатыяў. Таму калі вы апанент таго ці іншага рэжыму, можаце быць мінімум затрыманымі.

Другая выснова – Ізраіль «зрабіў» Расею. Значыць у «трэціх» краінах можа быць правільнае адчуванне на чыім баку будучая перамога.

________________________________

На мінулым тыдні на тры гады асудзілі вядомага ў прафесійных колах фатографа з Барысава Аляксандра Зянкова, арыштаванага яшчэ летам 2023 года.

Таксама на мінулым тыдні праваабаронцы прызналі палітзняволенымі яшчэ пятнаццаць чалавек.

________________________________

На мінулым тыдні сталася вядомым пра намер украінскіх уладаў прызначыць колішняга амбасадара Украіны ў Беларусі Ігара Кізіма спецпрадстаўніком Украіны па Беларусі.

Здавалася б, не такая ўжо выбуховая падзея, але ў кантэксце папярэдніх гульняў палітычнага Кіева з Лукашэнкам навіна заслугоўвае пільнай увагі.

Відаць, час торгу каманды прэзідэнта Зяленскага з Лукашэнкам калі не сканчаецца, то пераходзіць у новую якасць. Спецпрадстаўнік азначае спецпраблему, якую трэба вырашаць спецыяльнымі, а не стандартнымі, спосабамі.

Гукавы файл:

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя