Беларусам уладкавацца на працу ў Польшчы стала складаней, нават калі ўжо ёсць віза, па якой можна легальна знаходзіцца ў краіне. Выключэнне — віза, атрыманая па карце паляка. Іх уладальнікі па-ранейшаму могуць афіцыйна працаваць у Польшчы без атрымання дазволу на працу і займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю на тых жа ўмовах, што і грамадзяне Польшчы. Уладальнікі ўсіх іншых тыпаў віз, акрамя працоўнай, больш не могуць атрымаць дазвол на працу і, адпаведна, працаваць у Польшчы.

Тым не менш, сам інстытут працоўных віз застаўся, і наяўнасць ДНЖ не з’яўляецца абавязковым патрабаваннем для доступу на рынак працы Польшчы, як гэта адбываецца ў Літве. Таму беларусы, як і раней, могуць афіцыйна працаваць у Польшчы па працоўнай візе. Але атрымаць яе не так проста, як гэта было раней.
Беларускі экс-міністр прырос актывам у Польшчы
Актывам у Польшчы абзавёўся экс-міністр транспарту і камунікацый Беларусі (у 2001-2005 гг.) Міхаіл Баравы. Цяпер ён – кіраўнік і саўладальнік беластоцкай транспартнай кампаніі Bagpol, створанай у 2022 годзе, піша эканамічны аглядальнік Вадзім Сяховіч.
Разам з Таццянай Баравой у вядомага бізнесмена на сённяшні момант доля ў кампаніі складае 24%. Астатняе належыць грамадзянцы Германіі Дыяны Біхн. Па выніках 2023 года выручка сумеснага бізнесу склала 3,1 млн злотых. Але Bagpol прынесла сваім уладальнікам 1,1 млн злотых страты.
Яшчэ ў 1989 годзе Баравы стварыў на базе дзяржаўнага аб’яднання “Аўтарамонт” прыватную кампанію “Белаўтагаз”. Па даных Сяховіча, у Міхаіла Баравога акрамя Беларусі і Польшчы ёсць інтарэсы таксама ў Расеі.
У Расеі забракавалі беларускую кока-колу
Арганізацыя “Расейская сістэма якасці” выказала прэтэнзіі да беларускай версіі напою Coca-Cola. Паводле слоў кіраўніка службы Максіма Пратасава, падчас праверкі прадукцыі, якая паступае ў Расею праз паралельны імпарт, у гэтым беларускім напоі знайшлі перавышэнне дапушчальнай колькасці артафосфарнай кіслаты. Гэта рэчыва выкарыстоўваецца як кансервант і падкісляльнік, але яго колькасць павінна строга адпавядаць санітарным нормам, бо перавышэнне можа шкодзіць здароўю.
Яшчэ адной праблемай стала адсутнасць інфармацыі на рускай мове на ўпакоўцы — што парушае расейскае заканадаўства. У выніку напоі Coca-Cola, вырабленыя ў Беларусі, былі знятыя з паліц расейскіх крам да таго часу, пакуль не будуць выпраўленыя ўсе парушэнні, піша “Наша Ніва”.
Пратэсты ў Еўропе супраць масавага турызму
Па Еўропе пракацілася хваля пратэстаў супраць празмернага турызму. Жыхары краін часта скардзяцца на тое, што масавы турызм прыводзіць да росту цэн на жыллё і выцясняе іх са сваіх раёнаў, піша Associated Press.
Да прыкладу, парыжскі Лувр зачыніўся пасля таго, як незадаволеныя натоўпамі турыстаў і ўмовамі працы работнікі абвясцілі забастоўку. Пры гэтым тысячы людзей выйшлі на пратэсты ў Іспаніі, Італіі і Партугаліі, асабліва незадаволеныя жыхары Барселоны, Неапаля, Венецыі, Лісабона, Маёркі ды Ібіцы. Сярод патрабаванняў – менш турыстаў, больш таннага жылля, забарона на прыватныя самалёты і круізныя лайнеры.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: immigranthouse.com/poland.






